На Брэстчыне рэгіструецца рост эканамічных злачынстваў

Брэстаўчане сталі больш махляваць і красці. Намеснік начальніка Ленінскага раённага аддзела ўнутраных спраў горада Брэста Аляксандр Варвашэня сказаў Еўрарадыё: "Летась гэта пачалося, і ўвесну гэтага года. Не вяртаюць пазыкі. Махляраць. Калі раней гэта адзінкавыя выпадкі былі, то цяпер па дзве-тры крымінальныя справы ў месяц накіроўваем у суд аб невяртанні пазыкаў".

У Брэсцкай абласной пракуратуры пацвердзілі: часта сталі абкрадваць дзяржаўныя прадпрыемствы. Прадукцыю рэалізуюць, а грошы не вяртаюць. Супрацоўнік пракуратуры:

"У Пінску такая справа нядаўна закончылася прысудам. Махляр пад эгідай паралімпійскай грамадскай арганізацыі дзейнічаў. Звяртаўся да прадпрыемстваў, маўляў, мы будзем вашыя вырабы рэалізоўваць. А прыбытак звернем на спонсарскую дзейнасць. Атрымлівалі каўбасы, сыры, вазілі ў Мінск, там прадпрымальнікі іх рэалізоўвалі, а грошы асядалі ў пінскага махляра. 24 прадпрыемствы ён так “нагрэў”, у тым ліку Пінскі і Кобрынскі мясакамбінаты. 374 мільёны беларускіх рублёў прысабечыў. І атрымаў за гэта 9 гадоў турмы". 

Рост колькасці авантурнікаў, верагодна, тлумачыцца падвышанай стрэсавасцю нашага часу з-за эканамічнага крызісу і няпэўнасці, сказалі супрацоўнікі органаў правапарадку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі