На дзяржаўным радыё адмовіліся круціць песні Някляева

Супрацоўнікі беларускага радыё адмовілі кандыдату ў прэзідэнты Уладзіміру Някляеву ў просьбе паставіць падчас выступа песню на ягоны верш. Пра гэта палітык расказаў падчас сённяшняй сустрэчы з незалежнымі журналістамі.
Някляеў: "Сёння на радыё кажу: "Сумна ж! Я сам працаваў на радыё і ведаю, што гэта сумна: сядзець і бубніць у мікрафон. У мяне ёсць песня, давайце пару фрагменцікаў пастаўлю, каб людзям весялей у 6 раніцы слухаць было". "Не, - кажуць, - вы павінны быць роўнымі з усімі!" Я ім кажу, што гэта ж не азначае што я не роўны! Калі б усе пісалі вершы, то хай бы чыталі. Ці калі хто ўмее скакаць, то хай на тэлебачанні потым скача. Але адмовілі. Я запытаўся, што б яны зрабілі, калі б прыйшоў Лукашэнка і захацеў заспяваць. А яны: "Ён жа не піша песні!"

Да таго ж, кажа Някляеў, яму адмовіліся прадаставіць запіс радыёвыступу. Па яго словах, калі ён звярнуўся з такой просьбай, то супрацоўнікі студыі проста некуды збеглі.

Як паведаміў кіраўнік выбарчага штаба Някляева Андрэй Дзмітрыеў, яны ўжо напісалі ліст старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай. Палітыкі патрабуюць даць кандыдатаў права самім выбіраць фармат свайго выступу ў СМІ. Каб ніхто ім не мог указваць, што рабіць, што казаць і ці можна ў эфіры спяваць, чытаць вершы або ставіць песні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі