На Глыбоччыне паставяць помнік ксяндзу Бульку
У вёсцы Мосар Глыбоцкага раёна сёлета будзе пастаўлены помнік ксяндзу-прэлату Юозасу Бульку.
Пра гэта паведаміў у часе сённяшняй імшы ў глыбоцкім касцёле ксёндз-пробашч гэтай парафіі Мечыслаў Янчышын. Збор сродкаў у Глыбокім зладзяць у касцёле ў наступную нядзелю, 20 сакавіка. “Мінуў год з дня смерці святара, таму ўжо час падумаць, як ушанаваць яго памяць”, — адзначыў ксёндз Мечыслаў.
Нагадаем, ксёндз Юозас Булька, літовец паводле паходжання, працаваў у Мосары больш за 25 гадоў, памёр 9 студзеня 2010 года. Ён шмат зрабіў для добраўпарадкавання Мосара. Па яго ініцыятыве ў вёсцы створаны Крыжовы шлях, стадыён, страусіная ферма, дэндрапарк з крыніцамі, фантанамі і скульптурамі, перад касцёлам св. Ганны ўзведзены помнік Яну Паўлу II. Вялікая заслуга святара і ў прапагандзе здаровага ладу жыцця.
У той жа час апошнія гады ягонага жыцця былі азмрочаны абвінавачаннямі літоўскай пракуратуры ў генацыдзе. У кастрычніку 2008 года пракуратура Літвы выдала ордэр на арышт Юозаса Булькі і абвясціла яго ў вышук. Па версіі літоўскіх пракурораў, у пачатку 1950-х гадоў Булька, будучы ў антысавецкім супраціве, супрацоўнічаў з кадэбістамі, дапамагаючы ім высочваць і забіваць партызан, якія ваявалі супраць савецкай улады.