На Хэлоўін ў Мінску выбралі "Міс Metalfront" (фота)

А нямецкаму гурту Rage не дазволілі павіншаваць мінскіх аматараў цяжкой музыкі Найбольш брутальна і яскрава Хэлоўін адзначаюць беларускія металісты. 31 кастрычніка штогод адбываюцца самыя масавыя канцэртныя акцыі, якія збіраюць каля тысячы прыхільнікаў цяжкой музыкі. Нават нямецкі гурт Rage напярэдадні свайго выступу ў Мінску хацеў павіншаваць з гэтым святам усіх, хто прыйшоў у "Рэактар", але ім гэтага зрабіць не дазволілі.

Нельга сказаць, каб сёлетні Хэлоўін у Рэактары моцна адрозніваўся ад мінулых. А гэта значыць, што гралі тыя ж самыя гурты – хаця і лепшыя. Сярод іх – даволі папулярныя Inner Resistance, Solarward, а таксама каманды, што выпусцілі не па адным альбоме, у тым ліку за межамі Беларусі – Infestum, ID:Vision і Posthumous Blasphemer. Менавіта іх дыскі, а таксама жалезныя дудкі і маечкі "Будзьма" дасталіся дзяўчатам, якія занялі першыя 3 месцы ў конкурсе "Міс Металфронт". Дарэчы, менавіта ў дзень усіх святых Металфронт – самы магутны сёння партал пра цяжкую музыку ў Беларусі – адзначыў сваё трохгоддзе.

Яшчэ адной інтрыгай стаў конкурс на самы цікавы касцюм, якіх у той дзень было процьма. Медсёстры, чорцікі, манахі, смерць з касой, іншапланетныя монстры, памерлыя нявесты. Прыз дастаўся хлопцу ў змрочным прыкідзе, хаця палова залі была апранута не горш.

Музыкі таксама спрабавалі адзначыцца: Solaward выканаў свае лепшыя хіты, ID:Vision і Posthumous Blasphemer прэзентавалі альбомы, Infestum здзівіў усіх новым даркавым гламурным іміджам.Нягледзячы на тое, што апошнім часам цяжкіх канцэртаў стала багата (толькі на лістапад іх прыпадае каля пяці), Хэлоўін лічыцца самым галоўным фэстам году і самым дакладным трапляннем ў аўдыторыю.

Хутчэй за ўсё таму і музыкі нямецкага гурта Rage, што прыехалі ў Мінску на свой сольнік, які мусіў адбыцца 1 лістапада ў Палацы рэспублікі, вырашылі скарыстацца з удалых абставінаў. Яны з ўласнай ініцыятывы прыехалі ў клуб і прапанавалі арганізатарам зайграць колькі песень, нягледзячы на тое, што не ўзялі з сабой нават інструментаў і збіраліся пазычыць іх у беларускіх калег па цэху з Posthumous Blasphemer. Крок мог стаць беспрэцэдэнтным, бо апарат клуба не адпавядаў патрабаванням і статусу нямецкіх гасцей. Гэтая ідэя, відаць, прыйшла да галавы нашаму суайчынніку Віктару Смольскаму, гітарысту гурта і сыну славутага беларускага кампазітара і прафесара айчыннай кансерваторыі Дзмітрыя Смольскага. Але цуды ў Беларусі не здараюцца нават на Хэлоўін. Адміністрацыя "Рэактара", на жаль, не пайшла музыкам насустрач, хаця публіка была так ўзрушаная магчымым падарункам Rage, што ледзь не разнесла сцэну. Таму каманда толькі павітала фанатаў і запрасіла на заўтрашні канцэрт.















Фота by Venomous Butterfly

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі