На канцэрце Rammstein падпаліў свайго фаната бензінам (Відэа)
У Мінск-Арэне 11 тысяч чалавек хорам спявалі Du Hast. Два разы выклікалі гурт "на біс". А немцы разбурылі міф аб сваёй пунктуальнасці - канцэрт пачаўся са спазненнем на гадзіну. Выступ гурта і вогненае шоў глядзіце ў відэа падборцы ад Еўрарадыё
Рамштайн з'явіўся на сцэне ў промнях святла праз выбітыя дзіркі у сцяне. (глядзі відэа)
Пасля пачалося вогненнае шоў. Агонь гарэў на сцэне, над сцэнай, у руках музыкаў. Феерверкі выбухалі прама над гледачамі. Спачатку нават было уражанне, што выбух адбыўся проста ў натоўпе.
Калі гучала песня Benzin вакаліст гурта Цілл Ліндэманн выкаціў на сцэну бензакалонку і запаліў бензінам чалавека, які выбег на сцэну. Чалавек пачаў бегаць па сцэне, і спачатку падалося, што гэта сапраўды фанат гурта. Але потым калі каманда піратэхнікаў патушыла яго, стала зразумела, што гэта не фанат, а ўдзельнік шоў.
Потым на сцэну вынеслі ванну, куды паклалі аднаго з удзельнікаў гурта, а Ліндэманн, якога паднялі высока над сцэнай, пачаў ліць ў ванну агонь.
Калі гурт выклікалі "на біс" было зразумела, што музыкі гэта планавалі. Першы раз вакаліст гурта выйшаў выконваць песню Angel з вялікімі крыламі ахопленымі полымям. А другі раз у натоўп запусцілі гумовую лодку з удзельнікам гурта, на якой ён праплыў па танцпляцу як па возеру.
У канцы Цім Ліндэманн падзякаваў публіцы па-руску без акцэнта: "Спасибо! Большое спасибо! Мы рады вас здесь видеть!"
Du Hast спявали хорам усе 11 тысяч. А феерверк выбухнуў прама над натоўпам
Пасля канцэрту фанаты гурта падзяліліся з Еўрарадыё ўражаннямі:
"Гэта самае лепшае, што было ў маім жыцці. І, відаць, самае лепшае з таго, што будзе".
"Я сарвала голас. Я не чакала, што будзе так крута. У кліпах не так шмат уражанняў. Апошнія крылы анёла проста уразілі. І было вельмі класна калі адзінаццаць тысяч чалавек пелі старыя песні".
Было на канцэрце шмат людзей старэйшага ўзросту. Многія выраслі з гэтымі песнямі.
"Я рос з гэтай групай. Было б цікава калі б ACDC сюды прыехала, былі б яшчэ больш старэйшыя тут людзі".
Дарэчы карэспандэнтамі Еўрарадыё быў заўважаны Аляксандр Кулінковіч з сям'ёй.
Не гледзячы на тое, што самыя танныя білеты каштавалі даволі дорага - 130 тысяч, месцы былі не самыя лепшыя, але гэта не моцна сапсавала ўражанне.
"Нам больш запомніліся боты. Проста гэта ўсё, што мы бачылі. Сядзелі за калонкай на трыбуне Б у сектары Л. Там амаль нічога не было відаць. Толькі выбухі і ўсё. Але канцэрт быў класны".
Фотаздымкі з аўтографамі і відэа з канцэрта прадавалі адразу на выхадзе з Арэны.
"Фота - 30, DVD - 80. Канцэрт з Аўстрыі, але там аналагічная праграма. Фота з сапраўднымі аўтографамі. Мы супрацоўнічаем з арганізатарамі".
Дарэчы падчас канцэрту ў Мінск-Арэне забаранілі прадаваць піва. Але карэспандэнт Еўрарадыё знайшоў на сёмым паверсе рэстаран. Доступ туды быў свабодны, але яго наяўнасць зусім не афішавалі, таму людзей там было не шмат.
Седзячы за столікамі можна было назіраць за шоў і піць піва, тэкілу, ром ды іншы алкаголь.
Фота: Anton Motolko