На магіле Анатоля Сыса ў вёсцы Гарошкаў усталявалі помнік

Сёння ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна ўсталяваны помнік на магіле паэта Анатоля Сыса. Помнік зроблены з чырвона-чорнага граніту скульптарам Генікам Лойкам.
На фоне масіўнага, нібы абскубанага стагоддзямі, крыжа – барэльеф паэта і надпіс: “Анатоль СЫС, 1959-2005”. На тыльным баку – высечанае чатырохрадкоўе паэта:

“Як па зорах, па расе
Твой апошні шлях праляжа.
Памірай, а жыта сей –
Рунь пра сейбіта раскажа”.

Збор сродкаў на помнік славутаму паэту абвясціў Саюз беларускіх пісьменнікаў, нагадвае “Радыё Свабода”.

У гэтым моцна дапамаглі і беларускія рок-музыкі. У лістападзе мінулага года ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены ладзіўся дабрачынны канцэрт, усе сабраныя грошы на ім былі перададзеныя на помнік Анатолю Сысу.

Афіцыйнае адкрыццё помніка Анатолю Сысу запланавана на 26 кастрычніка – яго дзень нараджэння. Анатолю споўнілася б сорак дзевяць гадоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі