На месцы карпусоў "Гарызонта" і тралейбуснага дэпо ў Мінску пабудуюць жытло

На месцы карпусоў "Гарызонта" і тралейбуснага дэпо ў Мінску пабудуюць жытло

У Мінску на месцы былога завода "Гарызонт" і тралейбуснага дэпо №1 узвядуць кварталы жылой і грамадскай забудовы. На грамадскае абмеркаванне вынесены праект дэталёвага планавання тэрыторыі ў межах вуліц Кісялёва — Куйбышава — праспекта Машэрава — праспекта Незалежнасці, інфармуе БЕЛТА.

Вытворчыя карпусы плануецца рэфармаваць, а будынкі, якія лічацца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, — захаваць. У квартале прадугледжваюцца зялёныя зоны, новыя аб'екты абслугоўвання, падземныя і наземныя стаянкі ды паркоўкі.

Чакаецца, што жылы фонд павялічыцца ў чатыры разы — з 25,5 тысяч да 100,5 тысяч квадратных метраў. Замест 800 цяперашніх жыхароў тут будзе жыць 3140 чалавек. 

Да 2025 года мяркуецца асвоіць квартал былога дэпо, а да 2030-га — квартал, дзе размешчаны "Гарызонт".

Грамадскае абмеркаванне праекта дэталёвага планавання пройдзе з 25 сакавіка па 19 красавіка. Прэзентацыя запланаваная на 17:00 27 сакавіка ў актавай зале адміністрацыі Цэнтральнага раёна. Заўвагі і прапановы можна пісьмова накіроўваць да 18 красавіка на адрас: 220004, г. Мінск, вул. Мельнікайтэ, 6. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі