На Міншчыне затрымалі фуру з кантрабандай цыгарэт на 12 млрд рублёў
Праваахоўнікі затрымалі трох грамадзян Латвіі ды абвясцілі ў вышук грамадзяніна Беларусі.
У вёсцы Рудня Дзяржынскага раёна Міншчыны праваахоўнікі спынілі фуру "DAF", якая належыць латвійскай фірме. У аўтамабілі без суправаджальных дакументаў перавозілі беларускія цыгарэты на суму каля 12 млрд рублёў, паведамляе мінская абласная міліцыя.
У фуры было каля 850 тысяч пачкаў цыгарэт. Выявілася, што загружалі кантрабанду на складзе беларускай фірмы, размешчаным у вёсцы Рудня. На складзе праваахоўнікі знайшлі яшчэ больш за 350 тысяч пачкаў, на якія не было дакументаў. Такім чынам, у рукі праваахоўнікам трапілі амаль 1,2 млн пачкаў цыгарэт на суму 11 млрд 758 млн рублёў.
Выявілася, што цыгарэты мусілі перавезці ў Латвію пад выглядам абрэзкаў іглічных парод на адрас філіяла эстонскай фірмы. Каб рэнтген на мяжы не выявіў кантрабанду, сценкі паўпрычэпа былі абабітыя свінцовымі пласцінамі.
Праваахоўнікі затрымалі трох грамадзян Латвіі — 34, 32, і 30 гадоў, а таксама 26-гадовага грамадзяніна Беларусі. У вышук абвешчаны таксама 18-гадовы грамадзянін нашай краіны.
Фота — uvd-mo.gov.by