На пачатку кастрычніка ўрад абмяркуе магчымае вяртанне ў зімовы час
Пра гэта паведаміў старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Віктар Назаранка.
Рэкамендацыі выпрацоўвае спецыяльная камісія. Як паведамляе БЕЛТА, у яе ўваходзяць прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, Мінтранса, Мінэнэрга, Нацыянальнай акадэміі навук і іншых зацікаўленых органаў кіравання і ўстаноў. Па словах Назаранкі, камісія ўжо накіравала свае прапановы ва ўрад.
Ён падкрэсліў, што Дзяржстандарт не бачыць дастатковых падставаў для пераходу краіны на зімовы час. "Тых абгрунтаванняў, якія падалі асобныя органы дзяржкіравання на карысць пераводу стрэлак гадзіннікаў, недастаткова. Мы б не пераводзілі час, а захавалі б так, як сёння ў Беларусі ёсць", — заявіў Назаранка.
Нагадаем, што Беларусь засталася ў летнім часе з 2011 года. Гэтае рашэнне Саўмін нашай краіны прыняў следам за Расіяй. Аднак 1 ліпеня 2014 года Дзярждума Расійскай Федэрацыі прыняла рашэнне вярнуць у краіну зімовы час.
Дарэчы, спецыялісты неаднаразова звярталі ўвагу, што так званы "зімовы" час адпавядае паясному.
Фота — ntv.ru