На перапісчыкаў нападалі сабакі і гопнікі, іх нават збівалі машыны

А дзяўчынам-перапісчыцам звычайна адчынялі дзверы мужыкі ў трусах
Перапіс насельніцтва падыходзіць да свайго завяршэння. Еўрарадыё вырашыла пацікавіцца, з чым давялося сутыкнуцца перапісчыкам за гэтыя дні.

Галоўным ворагам перапісчыка ў прыватным сектары сталі сабакі. Але, на шчасце, пацярпелі толькі зялёныя сумкі. Распавядае начальніца аддзела статыстыкі Баранавіч і Баранавіцкага раёна Ганна Шчэрба:

"Пужаюць сабакі, зразумела, пару разоў спрабавалі пакусаць, але без шкоды для перапісчыкаў. Людзі абараняліся партфелем, таму сабака укусіў за партфель".



А ў Магілёве на перапісчыкаў нават спускалі сабак. Дзяўчыны увайшлі на падворак і націснулі на званок. Выйшла гаспадыня, адвязала сабаку і сказала: фас!

Распавядае пра сваіх сябровак перапісчыца Юля:

"Дзве дзяўчыны падышлі да прыватнага дома і гаспадыня, замест таго, каб адказаць на іх пытанні, проста спусціла на іх сабаку".

Дзяўчыны паспелі збегчы за брамку, але перапісаць гаспадыню другі раз ужо не рызыкнулі.

А ў спальных раёнах на перапісчыкаў нападалі гопнікі, распавёў Еўрарадыё перапісчык Паша:

"Знаёмыя хадзілі вечарам. Стаяў натоўп гопнікаў, кажуць: "О, перапісчыкі! Давайце іх..." Ну, карацей, нецэнзурна вылаяліся".

Таксама хадзілі чуткі, што адной дзяўчыне парэзалі твар нажом, кажа перапісчык. Але гэта ў статыстычным камітэце Еўрарадыё не пацвердзілі.

А ў Пінску сярод белага дня перапісчыца патрапіла пад машыну. Мінівэн на пешаходным пераходзе збіў 18-гадовую дзяўчыну, якая ішла апытаць чарговых пінчукоў. Дзяўчына атрымала траўмы, але, на шчасце, засталася жывая.

Калі ж перапісчык сустракае бамжа, то ён мусіць яго сам перапісаць. А ў Баранавічах у гэтай справе дапамагла міліцыя.

"У нас трошкі дапамагла міліцыя, яны іх проста адпраўлялі на стацыянарны перапісны участак, а мы іх перапісвалі", — распавяла Еўрарадыё Ганна Шчэрба.

Давялося перапісчыкам сустрэцца і з праблемнымі сем'ямі. Такіх людзей падзялілі на дзве групы, кажа перапісчыца з Магілёва Каця.

"Ёсць дзве катэгорыі. Вялікая — гэта сямейныя скандалісты. Гэта тыя, на каго выклікалі міліцыю. А ёсць сацыяльна небяспечныя. Але такіх мала. На нашым участку толькі можа чатыры кватэры такіх".

Да іх хадзілі з міліцыяй. Але многія з іх прымалі людзей з зялёнымі партфелямі, нават лепш, чым іншыя людзі, кажа начальніца аддзела статыстыкі Баранавіч і раёна Ганна Шчэрба:

"У нас так казалі, што нармальна прымалі і перапісваліся".

Прымалі добра, кажа перапісчык Паша з Магілёва. Некаторыя нават прапанавалі выпіць. Але трапляліся такія, што адмаўляліся нешта казаць.

"Былі такія, што адмаўляліся. Калі ў сям'і жыве чалавек восем і ўсе бухаюць".

Некаторыя проста не хацелі паведамляць, дзе працуюць і за што жывуць. 

"Ёсць такія, хто зусім адмаўляецца, чуюць першыя тры пытанні і кажуць, што не будуць адказваць. Некаторыя проста адчынялі дзверы і казалі "мы вам нічога не скажам", і зачынялі", — кажа перапісчыца Каця.

Здаралася і такое, што дзверы дзяўчынкам-перапісчыцам адчынялі зусім аголеныя мужыкі. Але Каця кажа, што ёй трапляліся толькі ў трусах:

"А мужыкі ўсё адчыняюць у трусах звычайна. Напэўна неяк паспяваюць нацягнуць".

Часта на першы погляд нармальныя людзі казалі бязглуздзіцу, кажа перапісчыца:

"Там на гэтых бланках штрых-код. Майму аднагрупніку бабуля адна ўцірала, што вось гэтыя штрых-коды, калі скончыцца перапіс, ушыюць у галаву. Яе ўскрыюць і туды гэтыя штрых-коды ўшыюць, як чыпы. А потым, калі захочуць вас адключыць, то адключаць".



Фота: zoda.ru, belapan.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі