На помніку да 1000-годдзя Брэста Ягайлы ўсё ж не будзе

У Брэсце 20 снежня ўхвалены канчатковы варыянт помніка ў гонар 1000-годдзя горада. Найбольшыя спрэчкі разгарнуліся наконт постаці вялікага князя літоўскага Ягайлы.
Падчас абмеркавання прадстаўнікі праваслаўнага духавенства выказаліся супраць увекавечання Ягайлы. На іх думку, перыяд ягонага кіравання (канец XIV — пачатак XV стагоддзя) адзначаны прыгнётам праваслаўных. У якасці аргументу таксама сцвярджалася, што 80% жыхароў абласнога цэнтра з'яўляюцца праваслаўнымі.

Абаронцы скульптуры зазначалі, што гэта не культавы мемарыял, а свецкі помнік, які адлюстроўвае асноўныя вехі гісторыі Брэста. Ягайла, які выдаў Бярэсцю грамату на гарадское самакіраванне (так званае Магдэбургскае права), з'яўляецца знакавай асобай для горада. Аднак прадстаўнікоў духавенства не пераканалі гэтыя довады. У выніку ўдзельнікі кардынацыйнай рады ўлічылі меркаванне прадстаўнікоў БПЦ і прынялі рашэнне прыбраць скульптуру Ягайлы.

Скульптурная кампазіцыя распрацаваная скульптарам Аляксеем Паўлючуком у рамках падрыхтоўкі горада да юбілеяў — 990-годдзя і 1000-годдзя з дня згадвання Бярэсця ў летапісных крыніцах. Сваё тысячагоддзе Брэст адзначыць у 2019 годзе.

Помнік плануецца ўсталяваць да 28 ліпеня 2009 года на скрыжаванні вуліцаў Савецкай і Гогаля, інфармуе БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі