На працу цяпер можна ўладкавацца з часовай рэгістрацыяй

Еўрарадыё абтэлефанавала мноства працадаўцаў і запыталася, ці бяруць яны на працу людзей з часовай мінскай рэгістрацыяй. Аказалася, што хоць пакуль да іх такія працаўнікі не звярталіся, але калі што - перашкодаў няма. Нагадаем, рэгістравацца часова можна нават на лецішчах, у дамах пад знос і г.д. Да таго ж, для часовай рэгістрацыі не абавязкова, каб на вас “хапала” квадратных метраў. Рэгіструюць крыху менш, чым на год, і гэтую рэгістрацыю можна потым працягваць.

Журналіст Еўрарадыё тэлефанавала па аб’явах, у якіх прапаноўваліся самыя розныя вакансіі. Для пачатку яна паспрабавала ўладкавацца псіхолагам для працы з замежным персаналам.

- Гэты момант, што ў мяне часовая рэгістрацыя, не будзе перашкодай?
- Для нас не. Для нас важна здольнасць чалавека працаваць, умець ладзіць трэнінгі.

Наступная патэнцыйная праца – гандлярка кветкамі. І там таксама часовая рэгістрацыя нікога не збіла з панталыку.

- У мяне ў Мінску толькі часовая рэгістрацыя. Ці падыходзіць вам такое?
- Так, гэта нармальна. Добра, што ў вас ёсць рэгістрацыя. Канешне, мы бярэм з рэгістрацыяй, няхай і часовай.

Каб уладкавацца выхавацелькай ці сацыяльным педагогам у дзіцячы садок, часовая рэгістрацыя таксама не перашкода. Там сказалі, што ўсё нармальна, але параілі ператэлефанаваць у аддзел кадраў аддзела адукацыі Першамайскага раёна.

- Так, вы можаце ўладкоўвацца на працу.
- На любую?
- Так.
- Гэта дакладна?
- Так. Толькі прыносьце дакументы аб рэгістрацыі.
- Дакументы – гэта пашпарт з адзнакай?
- Так.

Прыкладна тое ж самае нам распавялі і ў Мінгарвыканкаме.

- У мяне часовая рэгістрацыя, на год, у Мінску. З такой умовай вы прымаеце на працу?
- Прымаем. З усёй рэспублікі прымаем…
- Гэта дакладна, так?
- Здаецца, так. Мы ж нават у Віцебскую вобласць ездзілі па наборы кадраў.

Некаторыя з працадаўцаў прасілі ператэлефанаваць пазней, каб яны паспелі высветліць гэтае пытанне. Калі мы ператэлефаноўвалі, то чулі прыемны адказ.

- З юрыстам я перагаварыла, ніякіх пярэчанняў не будзе з вашай рэгістрацыяй. Адзінае што, калі вы прыедзеце да нас на сумоўе, захапіце з сабой дакумент.
- Пашпарт?
- Так.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі