На "Rocko-Go" бракавала гледачоў

28-29- га чэрвеня ў польскай гміне Dopiewo, што недалёка ад Познані, адбыўся фестываль маладой рок-музыкі “Rocko-Go". Паводле словаў арганізатараў, фэст мае сваёй мэтай даць дарогу маладым перспектыўным гуртам, якія яшчэ не патрапілі ў свет шоў-бізнеса, але маюць для гэтага ўсе дадзеныя. Слава Корань, адзін з сябраў журы конкурсу, што адбыўся ў рамках фэсту, падкрэслівае, што акрамя каштоўных падарункаў, якія атрымалі пераможцы конкурсу, арганізатары зоймуцца піярам і раскруткай гэтых камандаў.

Слава Корань: “Фэст “Rocko-Go” ладзіцца арганізатарамі дзеля таго, каб выявіць добрыя альтэрнатыўныя гурты, якія зараз не знаходзяцца ў польскім шоў-бізнесе, адкрыць гэтыя гурты, зрабіўшы ім піяр і даўшы дарогу ў шоў-біз”.

Дарэчы, адным з адмысловых прызоў конкурсу стаўся ўдзел гурта-пераможцы “Metanoia” ў фэсце беларускай музыкі “Be Free”, які пройдзе 9-10 жніўня ў Львове.

Усяго ў фэсце адбыліся выступы 24-х гуртоў з Польшчы, Літвы, Расіі. Беларусь на “Rocko-Go” прадставілі гурты B:N: i IQ-48. Нягледзячы на адсутнасць шырокай рэкламы фэсту і, адпаведна, малой колькасці гледачоў, кожны з удзельнікаў знайшоў свой плюс удзелу ў імпрэзе.

Андрэй Якушаў, дырэктар расійскага гурта – ўдзельніка “Rocko-Go” “Кафтан Смеха” і арганізатар вядомага фэсту “Пустые холмы” распавёў Еўрарадыё пра тое, што яны спрабавалі рабіць рэкламу “Rocko-Go” самі, што не надта лёгка ажыццявіць з іншай краіны, аднак вылучыў некалькі станоўчых момантаў, якія тычацца гуку, святла і арганізацыі.

Андрэй Якушаў: “Што спадабалася, дык гэта дастаткова добры гук, што для нас вельмі істотна, светлавое абсталяванне, вялікая сцэна....”

Беларускі гурт IQ-48 глядзіць пазітыўна на ўсё, што адбывалася на фэсце і па-за фэстам. Іх зусім не збянтэжыла малая колькасць гледачоў.

Саша Ракавец: “Звычайна мы калбасімся для сябе і для гледачоў. Калі гледачоў мала – калбасімся для сябе. На “Rocko-Go” адкалбасіліся клёва! ”

Плануецца, што Rocko-Go стане пастаянным фэстам, які напрацягу года пабывае з канцэртамі ў розных гарадах Польшчы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі