На шклозаводзе "Нёман" чакаюцца скарачэнні працоўных
На бярозаўскім шклозаводзе "Нёман" за люты больш за 30 чалавек атрымалі папярэджанні аб не працягненні з імі кантрактаў. Пры гэтым абсалютнай большасці па калектыўнай дамове павінны былі працягнуць кантракты на 5 гадоў. "На дадзены момант заводу трэба скарачаць колькасць працоўных, бо шмат людзей працуе па скарочаным працоўным графіку. Таму пачалі выкарыстоўваць кантрактную сістэму: у каго сканчаецца кантракт, дасылаюць паведамленне, што кантракт з імі не будзе працягнуты. Пры гэтым такія паведамленні атрымліваюць і спецыялісты высокай кваліфікацыі, якія адпрацавалі на прадпрыемстве больш за 10 гадоў, і людзі перадпенсійнага веку, якім да пенсіі засталося менш за 3 гады. Па калектыўнай дамове кантракты такім людзям павінны працягваць, бо гэта ўваходзіць у абавязкі наймальніка. Мне незразумелая ў гэтым пытанні пазіцыя афіцыйнага прафсаюзу, які нічога не робіць, каб абараніць рабочых за грошы якіх існуе", — сказаў Еўрарадыё рабочы заводу Сяргей Трафімчык.