На шляху да Кубка Дэвіса беларусам супрацьстаяць італьянцы

У матчы 1-га раўнда Еўра-Афрыканскай групы Кубка Дэвіса тэнісісты зборнай Беларусі згуляюць у гасцях у італьянцаў на адкрытым грунтавым корце. Сустрэча адбудзецца 5-7 сакавіка ў Таранта на арэне, якая змяшчае 2,5 тысячы гледачоў. Капітан беларускай каманды Ўладзімір Ваўчкоў заявіў на гэты матч Уладзіміра Ігнаціка (181-ы нумар сусветнага рэйтынгу), Аляксандра Бурага (793-і), Андрэя Васілеўскага (906-ы) і ветэрана Максіма Мірнага, які цяпер гуляе толькі ў парным разрадзе, займаючы 11-е месца ў рэйтынгу пар.

Капітан італьянцаў Карада Баразоці разлічвае на Андрэаса Сэпі (45-ы), Фабіё Фаніні (57-ы), Паціта Старачэ (66-ы) і Сімоне Балелі (117-ы).

Раней зборныя Беларусі і Італіі не сустракаліся паміж сабой у матчах Кубка Дэвіса. Цяпер у рэйтынгу гэтага турніру італьянцы займаюць 26-е месца, а беларусы знаходзяцца на 31-й пазіцыі.

Пераможца гэтага матчу ў наступным раўндзе згуляе з камандай Галандыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі