На сваім вяселлі Алесь Таболіч адродзіць старажытны беларускі абрад
А павіншаваць метал-зорку і яго абранніцу зможа кожны жадаючы ўсяго за 15 тысяч.
23 кастрычніка лідар гурта Znich Алесь Таболіч збіраецца пабрацца шлюбам. Як распавёў музыка, вяселле будзе ўтрымліваць народныя традыцыі і пройдзе ў сядзібе ў Калодзішчах.
Алесь Таболіч: "Будзе
ўсё ў нацыянальным каларыце. Будзем праводзіць абрад так, як праводзілі
вяселлі на пачатку ХІХ стагоддзя. Таксама будзе народны калектыў, які
называецца "Баламуты".
Але ў гэты дзень на вяселлі будуць
прысутнічаць толькі сваякі ды сябры маладых, а вось другі дзень Алесь
вырашыў адзначыць вялікім канцэртам у сталічным клубе "Рэактар". У
адрозненні ад іншых беларускіх музыкаў, якія звычайна хаваюць гэтую
падзею ад вачэй прыхільнікаў, Алесь перакананы, што зрабіўшы вяселле
публічным, ён пакажа моладзі альтэрнатыву класічнаму святкаванню шлюбу.
Алесь Таболіч: "Вяселле
гэта не толькі нейкая сакральная частка. Гэта трэба неяк паказваць
людзям, каб яны разумелі, што ёсць нейкая альтэрнатыва вяселлям, якія ў
нас праходзяць з постсавецкага перыяду. Тая ж самая татуіроўка, якую мы з
Алесяй зрабілі - трайбл беларускі - зацікавіла ўжо шмат людзей".
Трэба растлумачыць, што калі Алесь зрабіў Алесі
прапанову, то яны вырашылі набіць сабе аднолькавыя арнаментальныя
беларускія татуіроўкі, як сімвал кахання на ўсё жыццё. А цяпер у Алеся
Таболіча, які працуе ў тату-салоне, даволі часта замаўляюць падобныя
малюнкі.
На другі дзень вяселля святкаваць музыку будуць гурты "РОКАШ", Sok, RockerJoker, Zm99, Unia, а весці імпрэзу будзе Лэсьлі Найф, лідар найвядомага мэтал-гурта краіны – Gods Tower.
Цікава, што за сваю маладую жонку Таболіч не перажывае, маўляў,
прыхільніцы яе даўно ведаюць і нападкаў падчас канцэрту не будзе.
Алесь Таболіч: "Я
не ддумаю, што ў нас так увогуле можа быць. Ужо мы даўно з Алесяй і ўсе
фанаткі ўжо даўно ўсё ведаюць. І, дарэчы, я вельмі часта прысвячаю
песні Алесі".
Дарэчы ці будзе прэзентаваная якая-небудзь
новая песня-прысвячэнне маладой жонцы пад час вяселля Алесь сказаць
адмовіўся, бо нявеста стаяла побач, і ён не хацеў адкрываць усе
цікавосткі.
Дадамо, што канцэрт-вяселле адбудзецца 24-га
кастрычніка ў клубе "Рэактар", квіткі на мерапрыемства можна будзе
набыць у самім клубе за 15 тысяч беларускіх рублёў.