Нацбанк паскорыў дэвальвацыю беларускага рубля

Нацыянальны банк Беларусі (НББ) паскорыў дэвальвацыю нацвалюты да кошыка валют. Як адзначае "Інтэрфакс", гэта адбылося за кошт аслаблення беларускага рубля да еўра і расійскага рубля. У адпаведнасці са звесткамі, размешчанымі на сайце НББ, паніжэнне беларускага рубля да кошыка валют на 1 снежня 2009 года склала 7,95% адносна даты ўвядзення прывязкі да кошыка — 2 студзеня 2009 года. Пры гэтым на 20 лістапада паніжэнне да кошыка складала 6,03%. Такім чынам, толькі за апошнюю дэкаду лістапада НББ знізіў курс беларускага рубля да кошыка амаль на 2%. За лістапад кошт кошыка валют вырас на 2,4% да 1036,29 руб. на 1 снежня 2009 года.

У апошні дзень лістапада беларускі рубель знізіўся да кошыка адразу на 1,2% за кошт паслаблення да еўра на 1,04%, да расійскага рубля — на 2,57%.

Па выніках 11 месяцаў у разрэзе валют, якія ўваходзяць у кошык, паніжэнне беларускага рубля да 2 студзеня 2009 года склала: да долара ЗША — 4,98%, да еўра — 12,88%, да расійскага рубля — 6,14%.

Да ўзроўня 1 студзеня 2009 гады (гэта значыць з улікам праведзенай разавай дэвальвацыі) дэвальвацыя нацвалюты склала: да долара ЗША — 26,45%, да еўра — 35,8%, да расійскага рубля — 24,5%.

Прэс-сакратар НББ Анатоль Драздоў, каментуючы девальвацыйныя працэсы, падкрэсліў, што ваганні курсу нацвалюты знаходзяцца ў рамках прагнознага калідора і застануцца ўнутры гэтага калідора да канца года — максімальнае паніжэнне да кошыка 10%.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі