Нацбанк вяртае пазабіржавы валютны рынак

Нацбанк Беларусі вырашыў з 20 лютага часткова зняць абмежаванні на здзелкі куплі-продажу замежнай валюты на пазабіржавым валютным рынку. Як паведамляе БЕЛТА, робіцца гэта з улікам стабілізацыі сітуацыі ў фінансавай сферы.

Згодна з пастановай Нацбанку, функцыянаванне пазабіржавага валютнага рынку будзе адноўленае ў парадку, які дзейнічаў да 19 снежня 2014 года. Суб'ектам гаспадарання замежную валюту па-ранейшаму трэба будзе купляць і прадаваць на таргах ААТ "Беларуская валютна-фондавая біржа".

Аперацыі на пазабіржавым валютным рынку будуць абмежаваныя сумай, якая не перавышае 20 лот (20 000 адзінак), усталяванай на біржавых таргах, адной з замежных валют у дзень па кожным суб'екце. У Нацбанку дадалі, што пры гэтым здзелкі куплі-продажу замежнай валюты паміж айчыннымі банкамі, паміж беларускім банкам і банкам-нерэзідэнтам будуць праводзіцца на пазабіржавым рынку без абмежаванняў.

Аперацыі на пазабіржавым рынку ў Беларусі былі прыпыненыя напрыканцы 2014 года, калі выбухнуў фінансавы крызіс.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі