Naka: У чорным спісе прыемная кампанія, асабліва Кэвін Спэйсі!
Рок-князёўна Наста Шпакоўская сёння даведалася пра тое, што яе гурт Naka трапіў у чорны спіс.
"Я даведалася пра гэта сёння, — распавяла Еўрарадыё Наста Шпакоўская. — Я думаю, гэта за тое, што я здаровы, адэкватны чалавек і свабодна выказваю свае пачуцці. Напэўна, за гэта. Мне прыемная кампанія, асабліва Кэвін Спэйсі. Што яшчэ можа зрабіць мяне так блізка з Кэвінам Спэйсі? Толькі чорны спіс".
Па словах Насты Шпакоўскай, гурт ад гэтага губляе не шмат, бо канцэртаў у бліжэйшы час не планавалася, а ратацыя ў радыёэфіры і так была невялікай.
Наста Шпакоўская: "У нас цяпер такая няпэўная сітуацыя. Мы шукаем гітарыста. У нас у бліжэйшы час канцэртаў не планавалася, у адрозненне ад іншых гуртоў. Напэўна, мы пазбавімся толькі ад той невялікай ратацыі, якая была. Мне цікава, што будзе з Вайцюшкевічам, "Ляпісамі", "Крамбамбуляй". Ці здымуць іх намечаныя канцэрты".
Нагадаем, 2 сакавіка з'явілася інфармацыя пра тое, што супрацоўнікі шэрагу беларускіх радыёстанцыяў атрымалі вялікі спіс з музыкаў, актораў, драматургаў і г.д. Спіс нібыта суправаджаўся інструкцыямі наконт таго, што згадвання гэтых асобаў у эфіры варта пазбягаць. Афіцыйна існаванне гэтага "чорнага спіса" не пацверджанае, але яго адсканаваную копію не складана знайсці ў інтэрнэце:
Фота: Антон Матолька.