Намінанту на “Оскара” з Сірыі адмовілі ва ўездзе ў ЗША
Сірыйскаму аператару Халеду Хацібу, чый фільм пра няўрадавую гуманітарную арганізацыю “Белыя каскі” быў намінаваны на “Оскар”, адмовілі ва ўездзе ў ЗША. Як паведамляе ВВС са спасылкай на замежныя інфармагенцтвы, 21-гадоваму аператару раней выдалі амерыканскую візу, але не дазволілі пасадку на самалёт авіякампаніі “Турэцкія авіялініі”, які ляцеў са Стамбула ў Лос-Анджэлес. Маўляў, міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША ў апошні момант атрымала пра Хаціба “негатыўную інфармацыю”. Прычым пад гэтай фармулёўкай можа хавацца і сувязь з тэрарыстамі, і звычайнае парушэнне візавага рэжыму.
Інцыдэнт адбыўся на фоне падзеяў, звязаных з падпісаннем прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам указа аб забароне ўезда ў краіну грамадзянам сямі краін з пераважна мусульманскім насельніцтвам. У спіс гэтых краін трапілі Сірыя і Ірак. Федэральны суд Сіэтла прыпыніў дзеянне прэзідэнцкага ўказа на няпэўны тэрмін. Трамп тады заявіў, што верагодней за ўсё падпіша новы ўказ, які забараняе ўезд у ЗША грамадзянам сямі краін.
Стужка “Белыя каскі” была намінаваная на “Оскар” у катэгорыі “Найлепшы кароткаметражны дакументальны фільм”.