Наша краіна пераходзіць у рэжым жорсткай эканоміі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка называе ўмовы, што склаліся цяпер, “ціскам на Беларусь звонку” і заклікае ўсіх жыць па сродках і эканоміць. Ад чыноўнікаў патрабуюць прыняцця канкрэтных мер і дадаюць, што “спагнанне калі што будзе надзвычай лютым”. Наўздагон Прэзідэнту яны выступаюць са сваімі заявамі на гэтую ж тэму.

Так, міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі папрасіў “усіх патрыётаў” паставіць лічыльнікі вады. Далей адгукнуліся прафсаюзы, якія па-савецкаму вырашылі эканоміць энергію праз спаборніцтвы сярод калектываў.

Ці дапаможа гэта краіне? Свае меркаванні выказвае эканаміст і палітолаг Яраслаў Раманчук:

"У Савецкім Саюзе ніхто нікога не слухаў, таму што людзі ігнаравалі ўлады. Чаму ў Беларусі людзі раптам паслухаюцца і паставяць лічыльнікі? Калі яны не будуць адказваць за гэта рублём – нічога не будзе. Калі б улады сказалі, што той, хто не паставіў лічыльнік, будзе плаціць у пяць разоў больш, - гэта была б эфектыўная мера"

Ужо рыхтуецца прэзідэнцкая “Дырэктыва N 3”, прысвечаная пытанням эканоміі і беражлівасці як асновам нацыянальнай бяспекі. Але ці дапамаглі дзве мінулыя вырашыць праблемы, узнятыя ў іх?

Нагадаю, першая прысвячалася дысцыпліне, другая – барацьбе з бюракратызмам і фанабэрыяй чыноўнікаў. Сістэма спрабуе эканоміць сама сябе – але ці здольная яна на гэта?

Яраслаў Раманчук: "Трэба мяняць сістэму кіравання, сістэму ўласнасці, таму што толькі ўласнікі могуць зрабіць тое, што патрэбна сёння Беларусі. А менавіта скараціць ужыванне паліва, энергіі.

Калі ў нас будзе краіна ўласнікаў, то не будзе патрэбы малоць паветра гэтымі заклінаннямі, угаворваць дырэктараў прадпрыемстваў, каб яны менш карысталі вады, таму што кожны будзе адказваць сваёй кішэняй і сваім рублём".

Але пакуль краіна будзе спрабаваць эканоміць ваду, электрычнасць, дзяржаўную маёмасць, зямлю і лясы. Што можна пастанавіць эканоміць яшчэ – разважаюць два розныя чалавекі – спартсмен Вячаслаў Харанэка і літаратар Адам Глобус.

Вячаслаў Харанэка: "Можна эканоміць на смецці. Тое, што выкідваецца, пускаць на другасную пераапрацоўку".

Адам Глобус
: "Ашчадна трэба ставіцца да ўсяго, асабліва да сваіх блізкіх. Я лічу, што трэба заклікаць любіць сваю сям’ю. Іх трэба берагчы больш за ўсіх".

Калі сур’ёзней – прагнозы экспертаў песімістычныя. У масавую эканомію яны не вераць, а вось наконт далейшага шляху беларускай эканомікі выказваюцца адназначна. Працягвае Яраслаў Раманчук:

"Будзе ўзрост коштаў, парушэнне стабільнасці на фінансавым рынку. Будзе дэвальвацыя беларускага рубля. Паступовае пагаршэнне сітуацыі можа дайсці да таго, што нават Расія ўвядзе гандлёвыя бар’еры на нашыя тавары, што яшчэ больш пагоршыць стан нашых прадпрыемстваў.

Прадпрыемствы будуць не ў стане прадаваць сваю прадукцыю, таму будзе расці затаваранасць складоў. Пад пагрозай звальнення будзе не 10 % людзей, як зараз, а 20. І рана ці позна гэта сістэма зварушыцца, будзе нежыццяздольнай, і гэта, безумоўна, можа прывесці да сур’ёзных палітычных наступстваў".

Адныя і тыя ж правілы не пасуюць розным дзяржавам і рознаму часу. Беларусь не Савецкі Саюз, і стымуляванне людзей спаборніцтвамі калектываў ці гучнымі заклікамі наўрад ці дасць патрэбныя вынікі. Хутчэй дасць іншыя вынікі, якія прымусяць нас вырашаць іх сучаснымі метадамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі