НАТА: Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі стануць тэстам для далейшых адносін
У Альянсе адзначаюць, што стасункі з нашай краінай сталі крыху лепш, чым былі раней, але пакуль няма палітычных перадумоваў для больш шчыльнага супрацоўніцтва.
Свабодныя і справядлівыя выбары стануць моцным падмуркам для перагляду краінамі НАТА адносін з Беларуссю. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Альянсу Джэймс Апатурай (James Appathurai).
Джэймс Апатурай: "Відавочна, што для краін НАТА свабодныя і справядлівыя прэзідэнцкія выбары будуць важным лакмусавым тэстам для далейшых адносін НАТА з Беларуссю. Прызнаныя міжнароднымі назіральнікамі выбары будуць станоўча расцэненыя НАТА".
Джэймс Апатурай таксама адзначыў, што для больш шчыльных стасункаў Беларусі і Альянса адсутнічаюць палітычныя перадумовы.
Джэймс Апатурай: "Я працую ў НАТА даволі доўга і пабачыў цяжкія моманты ў адносінах Беларусі і НАТА. Цяпер яны трохі лепш, чым былі. Для больш цеснага супрацоўніцтва абодва бакі павінны хацець гэтага. А таксама мусяць быць палітычныя перадумовы. Пакуль жа іх няма, сітуацыя значным чынам не змянілася, і я не прадбачу хуткіх зменаў. Гэта не тэхнічная пытанне, але палітычнае".
Нагадаем, увосень 2009 года Беларусь і Расія правялі самыя маштабныя ваенныя вучэнні з часоў халоднай вайны. Прадстаўнік НАТА на сустрэчы з беларускай дэлегацыяй ў Бруселі 28 траўня заявіў, што вучэнні "не адпавядаюць духу партнёрства".
Прадстаўнік НАТА: "У параўнанні з ваеннымі вучэннямі часоў "халоднай вайны", маштаб вучэнняў "Захад-2009" быў невялікі. Але калі браць пад увагу сучасныя ўмовы, іх маштаб сапраўды вялікі".
Тым часам, паводле сацыялагічнага даследавання Беларускага інстытуту стратэгічных даследванняў і лабараторыі "Новак", 22% апытаных выступаюць за развіццё адносін з НАТА, амаль 11% падтрымліваюць уваходжанне Беларусі ў Альянс. Пры гэтым амаль траціна жыхароў нашай краіны не змаглі адказаць, як бачаць адносіны з НАТА. На думку палітолага Дзяніса Мельянцова, вынікі апытанняў сведчаць пра тое, што ў Беларусі вельмі мала ведаюць пра НАТА і пра тое, як ён працуе.
Дзяніс Мельянцоў: "Калі ставіцца адкрытае пытанне "Што пагражае Беларусі?", то мала хто ўвогуле пра НАТА ўзгадвае (6%). А на пытанне "Ці пагражае нам НАТА?" колькасць тых, хто кажа пра пагрозу, рэзка павяличваецца. Гэтая дыспрапорцыя сведчыць пра тое, што мала хто цяпер успрымае НАТА як пагрозу, пра яе ўвогуле забываюць".
Навукоўцы лічаць, што НАТА ва ўспрыманні беларусаў — хутчэй інфармацыйны вобраз, піяр-прадукт, які актуалізуе дзяржаўная прапаганда.
Адзін з прадстаўнікоў НАТА ў Бруселі назваў адносіны Беларусі і Альянса "парадаксальнымі". Напрыклад, Расія ставіцца да Альянса вельмі крытычна, а ў новай ваеннай дактрыне, падпісанай Дзмітрыем Мядзведзевым, пашырэнне НАТА — у спісе галоўных знешніх пагроз. Беларускую ваенную дактрыну НАТА ўвогуле не згадвае, але супрацоўніцтва Беларусі з Альянсам куды больш сціплае за адносіны Расія — НАТА.
Штогод НАТА і Беларусь ладзяць каля 100 супольных мерапрыемстваў: у тым ліку моўныя курсы для беларускіх вайскоўцаў, адукацыйныя семінары. Да прыкладу, з 5-мільённай Фінляндыяй, якая ў НАТА таксама не ўваходзіць, ладзяцца 500-600 івэнтаў.
НАТА крытычна паставіўся да прэзідэнцкіх выбараў 2006 года, непрызнаных назіральнікамі АБСЕ, але вырашыў працягваць стасункі, палічыўшы, што замарозіць супрацоўніцтва ў адказ было б контрпрадуктыўным. Нядаўняе пацяпленне адносін з Еўрапейскім саюзам адлюстравалася і на адносінах з Альянсам, але не ў такой ступені — бо супрацоўніцтва з НАТА куды больш вузкае, адзначыў прадстаўнік Альянсу.