Наталлю Радзіну ўдарылі па твары, а ў “Хартыі‘97” канфіскавалі камп’ютары
Міліцыя правяла ператрус на кватэры рэдактара сайта “Хартыя‘97” (ФОТА)
На кватэры рэдактара сайта “Хартыя'97” Наталлі Радзінай супрацоўнікі праваахоўных органаў правялі ператрус і канфіскавалі 8 камп’ютараў.
Як паведаміла Наталля карэспандэнту Еўрарадыё, міліцыянеры паводзілі сябе вельмі агрэсіўна, нібыта ад пачатку планавалі браць кватэру штурмам, і прымянілі да рэдактаркі сілу.
Наталля Радзіна: “Я дрэнна бачу правым вокам. Я акурат вярталася з вуліцы, падыходзіла да дзвярэй, якія былі адчыненыя, і яны пачалі збягаць з трэцяга паверха. Я кінулася да дзвярэй, каб зачыніць іх: да мяне бягуць 5 чалавек у цывільным! І калі я спрабавала зачыніць дзверы, мяне адпіхнулі і ўдарылі кулаком па твары”.
У ператрусе ўдзельнічалі каля 10 чалавек, але пасведчанне паказаў толькі адзін з іх.
Наталля Радзіна: “Дакумент паказаў толькі адзін — Чуй Аляксандр Віктаравіч, следчы Ленінскага РУУС. Астатнія дакументы не прад’яўлялі і толькі прадставіліся капітанамі міліцыі”.
Паводле яе словаў, міліцыянты прад’явілі пастанову на ператрус, падпісаную Гомельскім пракурорам Валянцінай Шаевай. Падставай для ператрусу ізноў стала “паляўнічая справа”.
Наталля Радзіна: “Яны палічылі, што неабходна канфіскаваць камп’ютары, бо на іх можна знайсці інфармацыю, датычную справы “Аб паклёпе” на былога старшыню УКДБ Гомельскай вобласці Івана Каржа”.
У той жа час сама яна лічыць, што “справа Каржа” тут ні пры чым. А ператрус звязаны з нядаўняй заявай аднаго з лідэраў "Хартыі '97" Андрэя Саннікава наконт жадання балатавацца ў прэзідэнты на будучых выбарах.
Наталля Радзіна сцвярджае, што камп’ютары ў яе канфіскавалі з парушэннем закона.
Наталля Радзіна: “У пратаколе ператрусу і вопісу маёмасці не ўказалі серыйныя нумары камп’ютараў. Яны проста ўпакавалі іх у мяхі з-пад смецця, апячаталі — і ўсё. Ён (следчы — ЕРБ) катэгарычна адмовіўся пазначаць, што гэта за камп’ютары і серыйны нумар кожнага сістэмнага блока”.
З тым, што парушэнні былі, згодны і юрыст Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйла.
Гары Паганяйла: “Так ламацца яны не мелі права. Гэта прыватная ўласнасць, яна ахоўваецца законам. Дзеянні павінны былі адпавядаць патрабаванням Крымінальна-працэсуальнага заканадаўства: яны павінны былі прадставіцца ўсе і прад’явіць пастанову аб ператрусе”.
Зараз, кажа юрыст, Наталлі трэба ўзяць у пракурора накіраванне на судова-медыцынскую экспертызу і звярнуцца са скаргай на тых асоб, якія нанеслі ёй цялесныя пашкоджанні.
Як гэта было. Онлайн Еўрарадыё з ператрусаў 16 сакавіка
Каля 10 міліцыянтаў уварваліся ў мінскую кватэру, якую здымае журналістка Наталля Радзіна, супрацоўніца прэс-цэнтру "Хартыі'97". Яны канфіскуюць усю аргтэхніку. Як паведаміла Еўрарадыё Наталля Радзіна, пры ўварванні ў кватэру міліцыянты ўдарылі яе ў твар:
Радзіна: Уварваліся супрацоўнікі Ленінскага РУУС Мінску. У іх пастанова Гомельскай пракуратуры на ператрус і яны канфіскоўваюць усе камп'ютары, якія тут знаходзяцца. Паколькі тут працуе прэс-цэнтр "Хартыі'97", то яны паралізуюць працу прэс-цэнтру, бо канфіскоўваюць усё... Пры гэтым яны адмаўляюцца чакаць юрыста, як я таго патрабую. Я не падпісваю ніякай пастановы... Уварваліся яны з прымяненнем фізічнай сілы, ударылі мяне ў твар.
Як паведаміла Радзіна, ператрус ладзіцца ў рамках справы пра паклёп на колішняга кіраўніка Гомельскага КДБ Івана Каржа. Журналістка паведаміла, што "Хартыя'97" ніякіх падобных матэрыялаў не пісала і не публікавала. Тым не менш, аргтэхніку канфіскуюць.
Нагадаем, што ў рамках расследавання гэтай справы ўжо адбыліся ператрусы на кватэры журналісткі Святланы Калінкінай і на працоўным месцы Марыны Коктыш - у рэдакцыі газеты "Народная Воля".
Як паведаміў з месца падзеяў карэспандэнт Еўрарадыё, уваходныя дзверы ў пад'езд, дзе знаходзіцца прэс-офіс "Хартыі" блакавалі знутры невядомыя людзі ў масках. Калі журналіст разам з юрыстам праваабаронцам Гары Паганяйлам спрабавалі ўвайсці ў пад'езд, іх не пусцілі.
Паводле некаторых звестак, цяпер таксама адбываецца ператрус на кватэры ў журналісткі Ірыны Халіп.
Прыкладна ў 16.30 міліцыянты сышлі з офісу "Хартыі'97", забраўшы з сабой усю аргтэхніку. Ад каментароў журналістам і юрысту Гары Паганяйлу праваахоўнікі адмовіліся.
Як паведамляе карэспандэнт Еўрарадыё, у Наталлі Радзінай відаць сляды ўдару, які нанеслі міліцыянты, - напухла правае брыво.
У рэдакцыі недзяржаўнай газеты "Народная воля" праходзіць ператрус на працоўным месцы шэф-рэдактара Святланы Калінкінай. Як паведаміў агенцтву БелаПАН галоўны рэдактар газеты Іосіф Сярэдзіч, ператрус ладзіцца ў сувязі з так званай "паляўнічай справай".
Нагадаем, што нядаўна ў рэдакцыі ўжо адбываўся ператрус з той самай нагоды - на працоўным месцы журналісткі Марыны Коктыш.
Фота: Змітра Лукашука