Навагодні карпаратыў у рэстаране Мінска — ад 60 да 180 долараў з чалавека

Танней адзначыць навагодні карпаратыў у рэстаранах ды кавярнях. Да прыкладу, у мінскім рэстаране “Кухмістр” за шоў-праграму просяць 20 долараў з чалавека плюс 70 долараў за стол. За гэтую суму прапануюць Дзеда Мароза, Снягурку ды жывую музыку.

У страўні “Камяніца” з чалавека просяць каля 550 тысяч рублёў плюс 10 долараў за праграму. Тут рыхтуюць сапраўднае навагодняе свята – “Мандарынавыя гульні”, у межах якіх выступіць Дзед Мароз са Снягуркай, фаершоў і гурт “Яварына”.

“Мандарыны – гэта тая садавіна, якой пад Новы год многа, якая асацыюецца з новым годам, таму такая назва. У нас будзе свята, прысвечанае мандарынам”, — замаўляць месцы ў “Камяніцы” на правядзенне навагодніх карпаратываў пачалі яшчэ ў верасні.

Адзін з самых дарагіх варыянтаў сустрэць новы год прапануюць у рэстаране “Фальконэ”.

“130 еўра з асобы без алкаголю, — кажуць у рэстаране. — Шампанскае ў нас ідзе – ад 1,8 мільёна, ігрыстыя віны – ад 500 тысяч. Віно – ад 300 тысяч”.

У рэстаране распавядаюць, што за 130 еўра для кліентаў выступяць джазавая спявачка, струнны квартэт ды шоў пясочных карцін.

“Але вам трэба вызначыцца з датай — 27 чысла ўсё занята. У верасні-кастрычніку ўжо заказвалі”, — раяць паспяшацца ў рэстаране.

Да слова, большасць рэстаранаў ды кавярняў рыхтуюць на Новы год асаблівыя праграмы і не абмяжоўваюцца выступам Дзеда Мароза, Снягуркі ды стрыптызу.

У сталічнай кавярні “Чэхаў” адмысловая праграма на навагоднія святы – карпаратыў будуць адзначаць у стылі кінастужкі “У джазе толькі дзяўчаты”. За праграму, стол ды мінімум алкаголю просяць 100 долараў з чалавека, але прапаноўваюць прынесці алкаголь з сабой.

“У нас карпаратыў каштуе 900 тысяч на чалавека плюс мінімум алкаголю ды праграма. Гэта чырвоны кошт па горадзе, ёсць яшчэ болей!”— кажа адміністратар кавярні Ірына. — Да 1 лістапада ўжо было ўсё прададзена! На маленькую колькасць чалавек няма нічога, засталося толькі два дні свабодныя”.

Абзвоньваем з дзясятак пітных устаноў. Кошты на карпаратывы самыя розныя, але пачынаюцца ад 350 000 з чалавека ў прыгарадных ўстановах, і ад 60 долараў у Мінску.

“У нас вельмі вялікая зала, да кожнага банкета ў нас індывідуальны падыход. У кожнага клуба сваё. Ёсць банкеты са зніжкамі. Няма стандартных шаблонаў, няма стандартных конкурсаў калгасных. Маўляў, давайце два чалавекі, хто хутчэй ручку ў бутэльку загоніць”, — кажуць у клубе "Dozari" і просяць не называць нават пачатковы кошт на аднаго чалавека на банкет.

А вось адзначыць карпаратыў у катэджах пад Мінскам каштуе даражэй, чым у рэстаранах ды кавярнях.

Да прыкладу, пагудзець у сядзібе ў 30 кіламетрах ад Мінска вылезе мінімум у 190 долараў з чалавека, сядзіба пад Сілічамі каштуе каля 300 долараў з чалавека. А вось за арэнду сядзібы на Новы год у Сілічах просяць да 5000 тысяч долараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі