Наведнікаў "Нацыяналкі" замкнулі на 1,5 гадзіны з-за кіраўніка Туркменістана

Больш за паўтары гадзіны давялося чакаць наведвальнікам Нацыянальнай бібліятэкі, пакуль іх выпусцілі з будынка. Заявіўшы, што ў бібліятэцы знаходзіцца ўрадавая дэлегацыя, ахоўнікі перагарадзілі ўсе выхады, паведамляе "Салідарнасць".
Як распавёў адзін з наведвальнікаў ахоўнікі (мяркуючы па ўсім, служба бяспекі прэзідэнта) перакрылі дарогу і заявілі, што пакуль у будынку знаходзіцца ўрадавая дэлегацыя, нікога нікуды не выпусцяць. Пры гэтым абяцалі, што затрымка складзе тры гадзіны. На шчасце наведвальнікаў, праз паўтары гадзіны ўсіх выпусцілі. Што праўда, на выхадзе ўсіх чакала праверка на металадэтэктары.

Пра тое, чаму больш за сотню чалавек апынуліся пад замком і чым былі выкліканыя такія меры пераасцярогі, журналісты паспрабавалі высветліць у самой бібліятэцы. Там абмежаваліся адказам, што "праходзіла мерапрыемства".

Нагадаем, што ў гэтыя дні ў Беларусі знаходзіцца дэлегацыя Туркменістана на чале з прэзідэнтам Гурбангулы Бердымухамедавым. Ён наведаў Нацыянальную бібліятэку. Па завяршэнні экскурсіі да яго далучыўся Аляксандр Лукашэнка, пасля чаго ў бібліятэцы адбыўся працоўны абед прэзідэнтаў. Пакуль кіраўнікі дзяржаваў абедалі, наведвальнікі цярпліва чакалі, калі іх выпусцяць з бібліятэкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі