Навошта апазіцыя просіць ЕС не адмяняць санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў?
Лідары беларускай апазіцыі звяртаюцца да Савета міністраў ЕС з просьбай не адмяняць “візавыя і фінансавыя абмежаванні ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў”. Як вядома, цяпер гэтыя санкцыі “замарожаныя”, але ўжо 15-га лютага будзе агучанае рашэнне ЕС наконт іх будучага: адмяніць канчаткова, працягнуць “замарожванне” альбо вярнуць у дзеянне.
Адно незразумела, навошта апазіцыі, каб тыя санкцыі былі захаваныя хай нават і ў “замарожаным” стане?
Першы намеснік старшыні Руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч прызнае: за час свайго дзеяння санкцыі не прымусілі беларускі рэжым хоць неяк дэмакратызавацца.
Юрась Губарэвіч: “Такі падыход не меў належнага эфекту, ён не ўплываў на змены ўнутры Беларусі. Беларускі рэжым цудоўна жыў пры санкцыях. Ну, не ездзіла Ярмошына ў Рым і Парыж, але моцна не перажывала і па-ранейшаму фальсіфікавала выбары. Як гэта адбывалася і падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў”.
На ўзроўні “санкцыі не дазвалялі беларускім чыноўнікам шыкаваць у Еўропе” ацэньвае іх дзейснасць лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
“Я перакананы, што гэтыя кропкавыя абмежаванні дзейнічалі на чыноўнікаў, і калі абмяркоўвалася гэтае пытанне ў Бруселі, яны ўсе былі ў насцярожаным стане – ніхто не хацеў туды трапляць. Беларускія чыноўнікі — заможныя людзі, яны хочуць праводзіць уікэнд у Празе, паснедаць у Варашаве, павячэраць дзе-небудзь у Люксембургу. Гэта акурат для іх і іх стан дазваляе гэта рабіць”, — абурана кажа палітык.
І ўсё,: гэта галоўны эфект санкцый? Фактычна так і ёсць, прызнае палітолаг Дзяніс Мельянцоў. Праўда, дадае, што калі чыноўнікаў пазбавілі магчымасці “шыкаваць па Еўропах” яны проста паехалі ў іншыя краіны. Тым не менш, санкцыі свой негатыў мелі.
Дзяніс Мельянцоў: “Краіна, якая знаходзіцца пад санкцыямі, абмежаваная ва ўзроўні супрацоўніцтва з ЕС. Ёсць шмат прыкладаў, калі еўрапейскі, амерыканскі бізнес не хацелі звязвацца з-за таго, што краіна пад санкцыямі. Для амерыканцаў трэба атрымліваць спецыяльны дазвол на правядзенне транзакцый з краінай, якая знаходзіцца пад санкцыямі — нават у тых сферах, якія не закранаюцца санкцыямі. Таму, для гандлю, для іміджу краіны, для прыцягнення інвестыцый гэта было вельмі дрэнна”.
Праўда, гэта ніяк не паўплывала на стаўленне ўладаў Беларусі да прывядзення палітычных і эканамічных рэформ у краіне. Але тады які сэнс у санкцыях?
Але як вынікае са слоў і Анатоля Лябедзькі, і Юрася Губарэвіча, і Уладзіміра Някляева хоць нейкія санкцыя ім патрэбныя, каб мець шансы на годны ўдзел у парламенцкіх выбарах.
Уладзімір Някляеў: “Мы набліжаемся да парламенцкіх выбараў, якія рэжым збіраецца правесці па тых жа параметрах, па якіх ён праводзіў усе папярэднія. А гэта значыць, што ніякіх выбараў не будзе, а будзе прызначэнне чыноўнікаў у “палатку”. Мы давялі ў гэтым дакуменце неабходнасць свабодных справядлівых выбараў як перадумовы змены сітуацыі ў Беларусі. А калі санкцыі будуць знятыя, то навошта Лукашэнку нешта мяняць? Палітыка ёсць палітыка. Калі ёсць нейкі інструмент уціску, гэта адна сітуацыя, калі такога інструменту няма — іншая сітуацыя”.
Такім чынам, палітыкі ніякіх змен у краіне ад адмены ці захавання санкцый не чакаюць. Дакладней, чакаюць, што ніякіх змен не было і не будзе. Але хай, маўляў, тыя санкцыі будуць хаця б для стварэння маральнага дыскамфорту чыноўнікам.
Дзяніс Мельянцоў падыходзіць да гэтага пытання больш прагматычна.
Дзяніс Мельянцоў: “Калі санкцыі будуць адмененыя і будзе маячыць новая дамова з ЕС ці павялічэнне дапамогі, то гэта можа быць моцным стымулам для таго, каб гэтая абмежаваная лібералізацыя ў Беларусі працягвалася і далей”.
Іншай можа быць рэакцыя афіцыйнага Мінска на захаванне санкцый. Няхай і замарожаных. Хаця, Мельянцоў прызнае, што шараговым беларусам ад адмены ці захавання тых санкцый ні цёпла, ні холадна. Хоць краіне “не пад санкцыямі” значна лягчэй “прыцягваць фінансавыя сродкі і паляпшаць палітычныя адносіны з суседзямі”.
Дарэчы, па словах Мельянцова, калі б у 2011 годзе ЕС не пашырыў санкцыі ў дачыненні да Беларусі, то палітвязні выйшлі б на свабоду значна раней.
Фота Змітра Лукашука