Навошта Лукашэнка “дапамагае” Украіне з нафтапрадуктамі

Беларусь раптам на траціну скарачае пастаўкі нафты ва Украіну. Тлумачыць неабходнасцю рамонту на Мазырскім НПЗ. Супрацоўнікі здзіўленыя.

“Як я і думаў, капрамонт у нас будзе ў верасні ў прадугледжаны час. Гэта звычайная працэдура тэхнічнага абслугоўвання ўстаноўкі, якая перапрацоўвае нафту. Нейкіх нечаканасцяў няма. Гэта звычайная працэдура”, — расказвае мне супрацоўнік Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода Юрый Швед.

Званю яму ўжо другі раз. Пасля першага званка з пытаннямі аб зніжэнні паставак беларускіх нафтапрадуктаў у сувязі з рамонтам на НПЗ старшыня мясцовага незалежнага прафсаюза Швед вырашае пераправерыць інфармацыю у людзей, якія непасрэдна займаюцца тэхнічным абслугоўваннем. Гаворыць, што ў жніўні завод будзе працаваць паводле плану — без рамонтаў і спыненняў.

Чуткі пра праблемы на МНПЗ нечакана распаўсюджвае… “Беларуская нафтавая кампанія”. Яе ўкраінскае прадстаўніцтва пры канцы ліпеня рассылае сваім украінскім партнёрам лісты з паведамленнем аб зніжэнні паставак на 20-30%. Прычына — нечаканы рамонт на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе. Амаль палова яго прадукцыі прадаецца ва Украіну.

Дэфіцыт нафтапрадуктаў для нашых паўднёвых суседзяў цяпер, мякка кажучы, не вельмі пажаданы. Краіна і так у глыбокім гаспадарчым, палітычным і ваенным крызісе, а тут такі “падарунак” ад беларусаў. Тым больш што з Расіяй адносіны цяпер не вельмі. У выніку вырашаць праблему з бензінам і саляркай бярэцца сам Пётр Парашэнка. Вечарам 4 жніўня ён звоніць наўпрост кіраўніку Беларусі, і… праблема вырашаецца за некалькі хвілін.

“Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь разумее вастрыню гэтага пытання з улікам уборачнай кампаніі, і таму, нягледзячы на ўнутраныя патрэбы, акажа садзейнічанне Украіне ў забеспячэнні яе эканомікі нафтапрадуктамі”, — гаворыцца пра размову з Парашэнкам на афіцыйным сайце кіраўніка Беларусі.

У “Беларускай нафтавай кампаніі” ад каментароў пакуль адмаўляюцца. Маўляў, сітуацыя яшчэ вырашаецца, будзем гатовыя даць адказ праз некалькі дзён.

Тым часам добразычлівасць беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі ў адносінах з украінцамі раптам выклікае хвалю абурэння ў… Дзяржаўнай Думе Расіі. Некаторыя гарачыя галовы нават патрабуюць пазбавіць Беларусь расійскай нафты. Дэпутат ад ЛДПР Раман Худзякоў лічыць, што, прадаючы паліва ва Украіну, мы фінансуем “вайну супраць Данецка і Луганска”.

“Калі Беларусь пойдзе на такі крок і будзе, па сутнасці, фінансаваць вайну супраць Данецка і Луганска, тады мы, на маю думку, павінныя цалкам спыніць пастаўкі любых гаруча-змазачных матэрыялаў на тэрыторыю гэтай дзяржавы”, — заяўляе Худзякоў у эфіры радыё “Гаворыць Масква”.

Рэакцыя афіцыйнага Мінска на такія вострыя абвінавачанні пакуль невядомая. Вядома затое, што пасля Парашэнкі кіраўніку Беларусі патэлефанаваў прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў — размаўлялі таксама пра Украіну. Папулярная тэма ў кіраўнікоў краін СНД апошнім часам.

Юрый Швед з Мазырскага НПЗ тым часам расказвае, што чуткі пра праблемы на заводзе дайшлі да супрацоўнікаў прадпрыемства. Начыталіся ў інтэрнэце.

“Хіба з’явіцца нейкая акалічнасць, якая вымусіць нешта раней рабіць, рамантаваць… Але гэта ўжо называецца паломка. Гэта непрадказальная рэч… Мне, дарэчы, не вы першы тэлефануеце з пытаннямі пра рамонт у жніўні. Нават людзі з прадпрыемства пыталіся, паначытваліся ў інтэрнэце ўжо”.

Але калі рамонт заводу непатрэбны, навошта тады ствараць праблемы з пастаўкамі украінцам нафтапрадуктаў? Адказ можа ведаць кіраўніцтва МНПЗ, які ў значнай частцы належыць расіянам. Альбо дарадцы Аляксандра Лукашэнкі, які так лёгка і проста вырашае праблему. Аб чым адразу ж паведамляюць дзяржаўныя беларускія СМІ. Ёсць і яшчэ адна прычына, вельмі далёкая ад геапалітыкі. Прычынай недахопу паліва для продажу Украіне можа быць… бітва за ўраджай, які сёлета выдаўся проста цудоўным. І яго ўборка патрабуе нямала паліва.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі