Найлепшыя спартоўцы Беларусі 2009 года атрымалі ўзнагароды

Узнагароды найлепшым спартоўцам Беларусі 2009 года ўручаныя 6 студзеня ў Нацыянальным алімпійскім камітэце. Паводле апытання НАК і газеты "Спортивная панорама" ў дзясятку найлепшых увайшлі Кацярына Карстэн (веславанне акадэмічнае), Раман Петрушэнка і Вадзім Махнеў (веславанне на байдарках), Уладзімір Самсонаў (настольны тэніс), Вікторыя Азаранка (тэніс), Дзяніс Гаража (веславанне на каноэ), Настасся Новікава (цяжкая атлетыка), Дар'я Домрачава (біятлон), Меліціна Станюта (гімнастыка мастацкая), Сяргей Шундзікаў (дзюдо) і Міхаіл Грабоўскі (хакей).

Найлепшай камандай па негульнявых відах спорту стала зборная па веславанні на байдарках і каноэ, па гульнявых відах — БАТЭ (футбол), найлепшым трэнерам — Уладзімір Шантаровіч (веславанне на байдарках і каноэ).

Сярод падарункаў, уручаных лаўрэатам, — карціны, электракаваркі ды кухонныя камбайны, адзначае БелаПАН.

Генеральны дырэктар НАК Яраславаў Барычка назваў 2009 год "самым плённым у гісторыі беларускага спорту": заваявана 527 медалёў чэмпіянатаў і кубкаў свету і Еўропы — 167 залатых, 166 срэбраных і 194 бронзавыя. У алімпійскіх відах спорту прадстаўнікі Беларусі 208 разоў уздымаліся на пастамент славы (66+65+77).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі