Не адшукаўшы ровар у офісе "Хартыі-97", міліцыя сышла, сайт працуе

У пошуках ровара міліцыя паралізавала працу сайта "Хартыя-97" на ўвесь час "Чарнобыльскага шляху". Некалькіх гадзін супрацоўнікі Ленінскага РУУС сталіцы праводзілі ператрус у офісе "Хартыі". Рэдактарка сайта "Хартыі-97" Наталля Радзіна распавяла Еўрарадыё, што зараз ператрус скончаны і міліцыянты сышлі. Сайт працуе зноў.

Наталля Радзіна:
"Міліцыя сышла. Усё доўжылася 3 гадзіны. Праца сайта была паралізавана. Альбо гэта спроба сарваць працу "Хартыі", альбо насамрэч міліцыя трыма аддзеламі Ленінскага РУУС шукае зніклы ровар".

Спадарыня Радзіна паведаміла, што ў фірме насупраць насамрэч знік ровар. Міліцыя апытвала жыхароў усяго пад'езда. Спачатку адзін міліцыянт хадзіў па кватэрах, калі ён зайшоў да "Хартыі", то выклікаў дапамогу. Прыйшлі 7 супрацоўнікаў міліцыі з аддзелаў: крымінальнага вышуку, барацьбы з эканамічнымі злачынствамі і папярэдняга расследавання.

Спачатку яны хацелі канфіскаваць кампутары, але пасля таго як спадарыня Радзіна сказала ім, што тут робяць сайт "Хартыі", яны перапісалі пашпартныя дадзеныя, склалі пратакол і з'ехалі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі