“Не хочам, каб Расія збудавала ў Беларусі АЭС, ведаючы як яны ўсё будуюць”

Наступствы чарнобыльскай катастрофы могуць аказацца куды больш цяжкімі, чым лічыцца сёння. І хоць “Чарнобыльскі шлях” сабраў сёлета ўсяго некалькі соцень чалавек, цікавімся ў арганізатараў, з якімі патрабаваннямі яны вывелі людзей на акцыю.

Неабходна прыняць цвёрдае рашэнне пра вывад расійскіх самалётаў, якія могуць несці тактычную ядзерную зброю. І пра спыненне будаўніцтва расейцамі ядзернай АЭС, ― пералічвае старшыня БНФ Аляксей Янукевіч. ― Будаваць АЭС па расійскіх тэхналогіях ― гэта небяспечна і гэта павышае энергетычную залежнасць ад Расіі. Будаўніцтва Астравецкай АЭС такім чынам, як гэта сёння адбываецца, асуджаецца ўсімі незалежніцкімі коламі”.

Падчас “Чарнобыльскага шляху-2014” дэманстранты пераважна скандавалі  палітычныя лозунгі. Але ў гутарках тэт-а-тэт многія ўцямна фармулявалі сваю антыядзерную пазіцыю.

Чарнобыльскі шлях” ― гэта, найперш, акцыя памяці. А цяпер абставіны склаліся так, што мы выступаем яшчэ і супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС, ― выказваецца ўдзельніца “Чарнобыльскага шляху” Анастасія Машчава. ― На прыкладах “Чарнобыля” і “Фукусімы” людзі павінны былі навучыцца, што атам не бывае мірным і існуе шмат альтэрнатыўных спосабаў атрымання электраэнергіі. Галоўна праблема ў тым, што Астравецкая электрастанцыя будуецца за кошт Расіі. Гэта іх капітал, іх рабочыя. На прыкладзе, як у Расіі ўсё будуецца, я б не хацела, каб у Беларусі было пабудавана іх рукамі, тым больш, атамная электрастанцыя ”.

Ад кінатэатра “Кастрычнік” дэманстрацыя рушыла ў “Парк дружбы народаў”, дзе ўжо чакала агароджаная тэрыторыя, АМАП і металашукальныя рамкі. Працэсія, якую ачольвалі актывісты, з традыцыйным “чарнобыльскім” звонам і абразом Маці Божай, спакойна дайшла да сцэны, дзе меліся выступіць па праблеме. Але большасць людзей адмовілася праходзіць праз амапаўскія рамкі. Мітынг ля сцэны пачаў выглядаць зусім мініяцюрна.

Аднак у межах спецназаўскай агароджы сустракаем знакавага эксперта ў галіне атамных электрастанцый ― прафесара і доктара тэхнічных навук Георгія Лепіна. У 1986-ым годзе ён, нягледзячы на свой высокі навуковы статус, выправіўся на чарнобыльскую АЭС у якасці  простага дэзактыватара. Пасля стаў інжынерам першай катэгорыі. Так, на трагічным месцы Георгій Фёдаравіч адпрацаваў цэлыя шэсць гадоў.

Вось гэтыя тэрыторыі, якія забруджаны, яны будуць такімі яшчэ сотні гадоў. Таму казаць пра тое, што сёння яны раптам сталі прымальнымі для жыцця ― гэта несур’ёзная размова, ― выказвае свае прэтэнзіі ў бок дзяржавы прафесар. ― Перыяд паўраспаду для многіх рэчываў ― сотні гадоў. А для плутонія ― тысячы…” 

На думку Георгія Лепіна, пацярпелыя ад катастрофы на чарнобыльскай АЭС людзі не абароненыя належным чынам у сацыяльным плане. Забыліся і пра ліквідатараў аварыі, якія канкрэтна рызыкавалі здароўем і жыццём.

Георгій Лепін: “Цяпер у нашых хлопцаў, у якіх была другая група інваліднасці, іх пераводзяць на трэцюю. Кажуць, выздаравелі. Хіба гэта нармальна? У нас робіцца ўсё, каб можна было сказаць: “Чарнобыль ― гэта даўно мінулае. Мы ўжо ўсё выпраўляем”. Але гэта хлусня”.

Еўрарадыё: “У такіх развітых краінах, як Японія, Францыя, Германія, атамныя электрастанцыі паспяхова будавалі. Ці крытыкуеце вы будаўніцтва АЭС у Беларусі?”

Георгій Лепін: “У Японіі пасля катастрофы на “Фукусіме” яны закрылі ўсе станцыі. Мне пра гэта месяц таму паведаміў японскі прафесар. Закрылі іх, каб праверыць.  Але народ сёння там выступае супраць АЭС вельмі актыўна. Працэдура такая, што калі такі настрой у нейкай прэфектуры захаваецца, станцыю там наноў не запусцяць. У Японіі пры значнай колькасці атамных станцый яны выпрацоўваюць усяго 12% электраэнергіі”.

Падчас выступу на мітынгу Георгій Лепін распавёў пра гісторыю планавання Астравецкай АЭС. Такую самую станцыю збіраліся збудаваць і ў Калінінградзе. Абодва праекты запланавалі для вырабу электраэнергіі для некаторых сённяшніх краін Еўрасаюза. Але актуальнасць ідэі сышла, праекты замарозілі. А сёння, на думку прафесара, лабісты будаўніцтва АЭС абагачаюцца на крадзяжах, таму да апошняга прасоўваюць свой праект…

Нагадаем, што аварыя на Чарнобыльскай АЭС здарылася 26-га красавіка 1986-га года. Пацярпела больш як пятая частка нашай краіны. Некаторыя навукоўцы лічаць, што самыя жахлівыя чарнобыльскія наступствы чакаюць Беларусь наперадзе. Колькасць тых, што ўжо загінуў ці цяжка захварэў праз катастрофу, ― сотні тысяч чалавек (наконт канкрэтных лічбаў ёсць розныя версіі). Як мінімум, актуальнасць чарнобыльскай тэматыкі не сышла ў нябыт.

Дзяржава сапраўды траціць на пераадоленне наступстваў катастрофы вялікія грошы а дзяржпрапаганда акцэнтуе ўвагу на тым, што праблему ўдалося пераадолець.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі