Не хочацца, каб Беларусь уцягвалі ў хворыя фантастычныя ідэі расіян — Зяленскі
Уладзімір Зяленскі / Telegram / Zelenskiy Official
Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі выступае супраць далейшага ўцягвання Беларусі ў расійска-ўкраінскую вайну. Пра гэта ён заявіў, адказваючы на пытанні журналістаў 23 красавіка.
"У расіян шмат хворых і фантастычных ідэй. Таму вельмі не хочацца, каб Беларусь была ўцягнутая ў гэтыя фантастычныя ідэі, каб яны ператварыліся ў жудасную рэальнасць", — перадае hromadske словы Зяленскага.
Раней ён казаў, што ў памежжы Беларусі адбываецца развіццё дарог да тэрыторыі Украіны і наладжванне артылерыйскіх пазіцый. Таксама ўкраінскі прэзідэнт спаслаўся на даклад галоўнакамандуючага УСУ пра спробы расійскіх войскаў правесці перагрупоўку сіл — імаверна, каб кампенсаваць дэфіцыт асабістага складу.
"У гэтай сувязі становіцца больш відавочным, для чаго на тэрыторыі Беларусі павысілі актыўнасць Узброеных Сіл", — канстатаваў Зяленскі.
Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны (былы кіраўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі) Кірыл Буданаў, гаворачы пра магчымыя пагрозы з боку Беларусі, сказаў, што "ўсё можа быць у жыцці".
"Але ёсць разведорганы, якія за гэтым выразна сочаць, назіраюць тое, што ёсць пэўныя прыкметы пагроз", — заявіў Буданаў. Ён дадаў, што разведорганы ўжо ўзмацнілі пільнасць.