Не Рамштайнам адзіным жыве беларус. Рамантыка таксама ў модзе!

Lюк у Мінск прывезла група Бо-Прома, упершыню для іх, бо папярэднія 3 канцэрты былі арганізаваныя іншымі людзьмі. Аляксандр Багданаў (Папа Бо) часта заяўляў, што займаецца толькі тымі калектывамі, якія слухае сам. Еўрарадыё пацікавілася, ці сапраўды Папа Бо слухае Lюк?



Папа Бо: “Я слухаў іх кожны дзень гады 3 таму. Яны мне падабаюцца сваёй сучаснасцю і тым, што разлічаны як на альтэрнатыўнага слухача, так і на слухача якаснай поп-музыкі. У мяне ёсць усе альбомы на кампутары. Час ад часу праслухваю. І апошні альбом мне таксама спадабаўся”.

Апошні альбом — "Мамина Юность". У яго падтрымку гурт ужо пачаў ездзіць з турам па сталіцах і гарадах СНД, Мінску дасталася самая вясновая дата — 7 сакавіка.

Але ў інтэрв’ю Еўрарадыё, якое адбылося за 5 хвілін да канцэрту ў грымёрцы (на сцэне ў той час гралі апошнюю песню CherryVata), Вольга, вакалістка Lюк, прызналася, што ўвогуле не памятае пра традыцыйныя “чырвоныя дні календара”.



Вольга: “Са мной на 23 лютага здарылася смешная сітуацыя, у нас былі канцэрты кожны дзень, шмат усяго, а тут пазваніў мне журналіст з радыё з просьбай “Вы маглі б павіншаваць мужчын са святам?”... А я замаўчала і спытала “А з якім?”... Смяяліся потым, калі ён сказаў: “Ну як бы сёння 23-е”.



Вольга: "А наконт 8 сакавіка — гэта, хутчэй, свята для мужчын. І ў гэты дзень яны вельмі радуюць, калі знянацку падаюць руку... У іх натуральна падымаецца ўвага да жанчын!... (на слове “падымаецца” рассмяяліся ўсе, хто быў у той час у грымёрцы).



У беларускіх мужчын увага таксама “паднялася”, Вольга расказала, што журналіст, які размаўляў з ёй да гэтага, падарыў кветкі. Праўда, Вольга вырашыла падзяліцца імі з усімі слухачамі, парвала іх на пялёсткі і на канцэрце абсыпала публіку і музыкаў белымі ружамі.







Публіка таксама крэатывіла — прыйшлі на канцэрт з мыльнымі бурбалкамі і дадавалі вясновага настрою, дзьмухаючы гэтымі бурбалкамі то на сцэну, то на людзей.



Дзякуючы Еўрарадыё, на канцэрт трапіў і Сяргей Сахараў — рэдактар “Студэнцкай думкі”. Ён выйграў 2 квіткі на канцэрт Lюк, паўдзельнічаўшы ў конкурсе Еўрарадыё. Мы не маглі не запытацца, ці падабаецца яму:



“Ты што! Гэта ж гурт нашай маладосці!” — адказаў Сяргей, не адрываючы позірку ад сцэны.









Новы альбом, гледзячы па рэакцыі публікі, зайшоў выдатна. Як высветлілася, такая рэакцыя не толькі ў Мінску.

Вольга: "Да гэтага ў нас быў канцэрт у Маскве, а пасля ў Калузе. Калі ў Маскве нас заўсёды публіка добра прымае, то ў Калузе мы былі першы раз. І, дарэчы, людзі вельмі спакойна стаялі і слухалі песні, якія былі ў папярэдніх альбомах, а на “Маминой Юности” вельмі актыўна рэагавалі. О “Телетроникс”! “Митхун Чакраборти!” (назвы новых песень — удакл. Еўрарадыё)”.





Калі ў папярэдніх альбомах Lюк можна было пачуць вакал Бабкіна і Запарожца (былая 5’nizza), то ў “Маминой Юности” вакал пераважна ад Вольгі. Ці адышоў Lюк ад сумеснай працы з вядомымі ўкраінскімі музыкамі?





Вольга: “Не, мы ні ад каго не адходзілі, гэта нашы вельмі добрыя сябры. Проста мы спачатку ствараем песню, а пасля думаем, ці патрэбна нам, каб мужчынскі голас яе дапоўніў. Вось у гэтым альбоме з намі спяваў Антон Слепакоў (“…И друг мой грузовик” — удакл. Еўрарадыё).



На слове “Антон” Папа Бо залез у мікрафон і прадэклараваў: “9 красавіка ў Мінску канцэрт “И друг мой грузовик” з Антонам!”

На што Вольга адказала: “Ух ты!!! Я застаюся!”



Lюк сапраўды застаўся, на 3 песні, якія яны сыгралі на біс. Калі канцэрт скончыўся, найбольш актыўная група, у якой Еўрарадыё пазнала удзельнікаў “Свабоднага тэатру”, яшчэ хвіліны дзве спрабавала паўторна вызваць музыкаў на сцэну. Дзяўчаты няспынна апладзіравалі і крычалі “Хлопайце! Хлопайце ўсе! Гэта загад!”







Фота: Зміцер Тарасенка

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі