Болей за дзясятак лясных пажараў адбылося ў Беларусі за апошнія дні
Плошча ўзгаранняў перавысіла 7,4 га.
Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МНС. Большасць пажараў адбыліся ў Гомельскай і Брэсцкай абласцях, дзе стаяла гарачае і ветранае надвор’е. Напрыклад. 1 ліпеня ратавальнікам Жлобіна паступіла паведамленне аб пажары ў лясны масіве блізу вёскі Плесавіцкая Слабодка. Там згарэла 1,1 га лесу.
Паводле статыстыкі, у 9 з 10 выпадкаў вінаватым у лясных пажарах робіцца чалавек. У выходныя дні колькасць узгаранняў дасягае 40% ад іх колькасці за тыдзень. Пры гэтым большасць лясных пажараў узнікае ад вогнішчаў, нямала — па віне курцоў, якія кідаюць у лесе непатушаныя запалкі і недапалкі.
Спецыялісты МНС нагадваюць, што лясны пажар можа ўзнікнуць ад нязначнай крыніцы агню. Калі ўзгаранне моцнае і патушыць яго самастойна не ўдаецца, неабходна тэрмінова выклікаць ратавальнікаў.