Невядома, калі першы DVD і новы альбом “Ляпісаў” прэзентуюць у Беларусі

15 лютага ў маскоўскім клубе "Цень" адбудзецца прэзентацыя першага канцэртнага DVD гурта "Ляпіс Трубяцкі". На плытцы, якая выйдзе і ў Беларусі, будуць прадстаўленыя здымкі сольнага выступу калектыву ў маскоўскім клубе "Кропка", зробленыя ў верасні 2007. Калі ж гэта адбудзецца, пакуль невядома… Аснова праграмы - песні з альбома "Капітал". За экранізацыю адказвала рэжысёрская група Videohead на чале з беларусам Віталём Чыжовым, пераехаўшымі некалькі гадоў таму ў Маскву ("НТВ", "3 канал", "Рен-ТВ") - чалавекам, асаблівым хоць бы таму, што ён ходзіць на канцэрты "Ляпісаў" з моманту заснавання калектыву. Гэта значыць, ужо 18 гадоў.

"На мой вельмі суб'ектыўны погляд, галоўная фішка "Ляпісаў" нават не ў тым, што гэта адзін з найлепшых канцэртных гуртоў постсавецкай прасторы, - лічыць Чыжоў. - Важней, што яны захавалі ў сабе хвалюючую атмасферу рок-музыкі пачатку 90-х. Яе мы і жадалі перадаць".

Цікава, што гэта толькі другія афіцыйныя канцэртныя здымкі ў гісторыі калектыву, прызначаныя для выпуску. У 1996 годзе, калі гурт праславіўся ў роднай Беларусі, на відэа была запісаная праграма "Смяротнае вяселле". Яна была выдадзеная на відэакасетах, але досыць хутка яе перасталі тыражаваць, і зараз гэты рэліз стаў ледзь не галоўным рарытэтам у гісторыі гурта.

"Запіс таго канцэрту не атрымаўся. Думаю, што гэта стала адной з прычынаў, з якой мы так доўга не адважваліся на падобны рэліз, - лічыць прадзюсар гурта Яўген Калмыкоў. - На гэты раз, на мой погляд, усё атрымалася як мае быць".

Наконт прэзентацыі у Беларусі пакуль яшчэ нічога невядома. Як расказаў Еўрарадыё PR-дырэктар “Ляпісаў” Зміцер Бескаравайны, дыск яшчэ не гатовы. Ды і калі альбом афіцыйна прадставяць беларусам, таксама цяжка сказаць:

“Мастерынг яшчэ, на самой справе, даробліваецца… Пакуль яшчэ не вырашана, які лэйбл будзе выдаваць альбом на тэрыторыі Беларусі. Ды й наогул: няма дакладнай даты выхаду альбома і DVD у Беларусі…”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі