Невыязныя беларусы могуць выехаць праз Расію

Еўрарадыё высветліла, як пакуль яшчэ можна пакінуць Беларусь нават тым, хто знаходзіцца ў “спісе невыязных”. Наяўнасць у пашпарце беларуса дазвольнага штампа на выезд расійскія памежнікі ўжо не правяраюць, а спісу невыязных у іх няма. Колькасць жадаючых выехаць у Польшчу пасля Новага года значна зменшылася. Калі раней, па словах брэсцкага карэспандэнта Еўрарадыё Аляксея Мурланава, чарга на памежным пераходзе “Варшаўскі мост” складалася са 150-200 машын штодзень, то ўжо у першыя дні 2008 года там стаіць каля 30.

Аляксей Мурланаў: “З пачатку новага года тут рэзка скарацілася колькасць машын. Раней іх было каля 150-200. Частка з іх знаходзілася на спецыяльнай пляцоўцы сервіснага абслугоўвання, частка – непасрэдна перад варотамі ў Польшчу. Зараз аўтамабіляў на сервіснай пляцоўцы амаль няма. Перад варотамі – каля 30. І гэта ўсё”.

Па сведчанні відавочцы, людзі ў чарзе абмяркоўваюць кошт візы ў Польшчу, а не магчымасць таго, што іх завернуць дахаты айчынныя памежнікі. Без тлумачэння прычын. Проста таму, што чалавек знаходзіцца ў спісе невыязных.

Аператыўны дзяжурны памежнага пераходу “Брузгі” расказаў Еўрарадыё, што пасажыра, прозвішча якога значыцца ў “чорным спісе”, проста высаджваюць, заварочваюць дахаты і інфармуюць, куды звярнуцца па атрыманне тлумачэнняў.

Аператыўны дзяжурны: “Яму кажуць, куды неабходна звярнуцца па тлумачэнні, чаму яго не выпускаюць”.

Як стала вядома Еўрарадыё, спрабаваць высветліць гэтую прычыну ў памежнікаў не мае сэнсу – яны гэтага проста не ведаюць. У прэс-службе Памежнага камітэта Еўрарадыё расказалі, што яны гэтымі прычынамі не цікавяцца. Зацверджаныя спісы прыходзяць да памежнікаў з Міністэрства ўнутраных спраў. А за што кагосьці зрабілі невыязным, памежнікаў не цікавіць.

Супрацоўнік прэс-службы: “Навошта нам гэта ведаць? Гэтыя спісы складае МУС, а потым перадае нам. Хто ён такі: “ухіліст”, не плаціць аліменты ці яшчэ што – гэта лішняя інфармацыя, якая нам не патрэбна”.

Як расказаў Еўрарадыё намеснік начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун, у “спіс невыязных” аўтаматычна трапляе любы чалавек, супраць якога распачалі крымінальную справу.

Аляксей Бягун: “Калі ў адносінах да яго распачатая крымінальная справа, то, як правіла ён будзе трапляць у спіс. У законе дакладна прапісаныя падставы, калі распачынаецца крымінальная справа. Усё. Распачалі справу – трапіў у банк даных, не распачалі – не трапіў. А база абнаўляецца кожны дзень”.

Але як стала вядома Еўрарадыё, не толькі крымінальная справа можа стаць падставай для забароны выезду за мяжу. Дастаткова не паехаць працаваць па размеркаванні і не выплаціць дзяржаве “выдаткаваныя на навучанне грошы”.

Аляксей Бягун: “Мы ў любым разе накладаем абмежаванні ў дачыненні да такой катэгорыі людзей толькі на падставе рашэння суда аб тым, што яны павінны кампенсаваць выдаткі. Гэта ж не так, што калі ён не паехаў па размеркаванні, яго адразу ўнясуць у банк даных — не, канешне”.

Банк даных невыязных быў у памежнікаў і раней. Толькі абнаўляўся ён некалькі разоў на год. І чалавек, які на пачатку года атрымаў штамп аб дазволе на выезд за мяжу, а праз некалькі месяцаў патрапіў пад крымінальны артыкул, меў рэальны шанец з’ехаць за мяжу. Цяпер банк даных мяняецца штодня. І выехаць такім людзям стала немагчыма. Амаль. Як стала вядома Еўрарадыё, па-ранейшаму застаецца адкрытым “расійскі” кірунак. Нягледзячы на тое, што беларускія ўлады абяцалі перакрыць яго, перадаўшы расійскім калегам свой спіс невыязных. Спіс так і не перадалі. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў службе памежнага кантролю аэрапорта “Дамадзедава”.

Супрацоўнік “Дамадзедава”: “Не, мы не атрымоўвалі такіх спісаў. У нас не можа іх быць”.

Як стала вядома Еўрарадыё, за 3 дні новага года толькі на памежных пераходах “Варшаўскі мост”, “Казловічы” і “Брэст-Цэнтральны” памежнікі не дазволілі выехаць за мяжу 27 грамадзянам Беларусі. Людзі проста не ведалі, што яны знаходзяцца ў спісе невыязных. Каб высветліць гэта, неабходна звярнуцца з запытам у Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі. Адказ дадуць на працягу месяца. Атрымліваецца, што сёння ў Польшчу лепш ехаць праз Расію. Спакайней.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі