Ніводнага прадпрымальніка не пазбавяць ліцэнзіі

Учора начальнік упраўлення прадпрымальніцтва камітэта эканомікі Мінгарвыканкаму Аляксандр Каліноўскі паведаміў прэсе, што ў 21 ІП могуць ануляваць ліцэнзіі. Еўрарадыё высветліла, што насамрэч улады пужаюць прадпрымальнікаў, бо ні раённыя адміністрацыі, ні сам чыноўнік гэтай інфармацыі не пацвердзілі. Сёння пра гэтых прадпрымальнікаў ужо нічога не ведаюць. Галоўная прычына, з-за чаго 21 іпэшнікаў пазбаўляюць ліцэнзіі, - нібыта парушэнне прадпрымальнікамі рэжыму працы. Еўрарадыё вырашыла высветліць у Аляксандра Каліноўскага, хто ж трапіў у такі спіс, але чыноўнік адмовіўся адказваць на гэтае пытанне.

Аляксандр Каліноўскі: Раённая камісія накіроўвае для далейшага разгляду 21 матэрыял, будуць накіроўваць у камісію Мінгарвыканкаму.
Еўрарадыё: Адкуль у вас такая інфармацыя?
Аляксандр Каліноўскі: Інфармацыю нам далі адміністрацыі раёнаў.

Як расказала Еўрарадыё кіраўніца аддзела ўпраўлення рэгістрацыі і ліцэнзавання Мінгарвыканкаму Надзея Мароз, ніякіх дакументаў раённыя адміністрацыі ім не накіроўвалі і гэтую лічбу яна чуе ад нас упершыню.

Надзея Мароз: Самая дакладная інфармацыя ў адміністрацыі раёна будзе, таму што яны будуць накіроўваць. Яны з кожным прадпрымальнікам разбіраюцца асобна на сваіх камісіях.

Але ў Цэнтральным, Партызанскім, Першамайскім раёне Еўрарадыё сказалі, што ніводнага прадпрымальніка за гэты год не пазбавілі ліцэнзіі.

Адміністрацыя Партызанскага раёна: Не, за студзень мы яшчэ не накіроўвалі ніякіх дакументаў.
Адміністрацыя Цэнтральнага раёна: Нікога мы не накіроўвалі і не думаем накіроўваць. Я разумею, што гэта людзі і што за гэтым стаіць. Усё ж такі лёс чалавека. Тут сітуацыя неадназначная, таму сячы з пляча ніхто не збіраецца.

Адкуль узялася такая лічба - застаецца загадкай. У сваім учорашнім выступе начальнік упраўлення прадпрымальніцтва камітэта эканомікі Мінгарвыканкаму Аляксандр Каліноўскі паведаміў, што да ўказа №760 рыхтуецца шэраг "растлумачэнняў і дадаткаў". Як высветліла Еўрарадыё, сам указ і пункт 1.1, адмены якога дабіваюцца ІП, застанецца без змен. Вось як Аляксандр Каліноўскі пракаментаваў свае словы.

Аляксандр Каліноўскі: Тлумачэнні да дзейнасці рыхтуюцца, але змены ў 760 указе не плануюцца, не рыхтуюцца нікім.
Еўрарадыё: Значыць, ніякіх істотных змен у законе не прыходзіцца чакаць?
Аляксандр Каліноўскі: Нічога не рыхтуецца. Рыхтуецца па тлумачэнні дзейнасці прадпрымальнікаў, якія сёння самастойна ажыцяўляюць дзейнасць, і па дзейнасці ЧУПаў, прыватных унітарных прадпрыемстваў.

Начальнік упраўлення рэгістрацыі і ліцэнзавання Камітэта эканомікі Мінгарвыканкаму Дзмітрый Антаневіч таксама пацвердзіў Еўрарадыё гэтую інфармацыю і запэўніў, што ніякіх змен не трэба чакаць.

Еўрарадыё: Ці плануецца нейкая палёгка прадпрымальнікам?
Дзмітрый Антаневіч: Вы задаяце пытанне па пункце 1.1? Іншыя пункты, я так думаю, вас не цікавяць. Не, такіх змен не рыхтуецца, не плануецца, і магу на 100% сказаць, што іх і не будзе.

Прэс-сакратар Міністэрства эканомікі Наталля Пацейка таксама запэўніла Еўрарадыё, што ніякіх змен ва ўказе не плануецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі