Ноч у гатэлі для жывёлаў будзе каштаваць каля 20 тысяч рублёў

Праўда, першы гатэль у Мінску збудуюць толькі праз 2 гады. А вось у Польшчы такіх гатэляў — як сабак.
Для ўладальнікаў хатніх жывёлаў сезон адпачынкаў — гэта заўсёды дадатковыя праблемы. Куды падзець чатырохногага сябра, калі трэба з’ехаць у вёску ці на мора? Адправіць у гатэль! — адкажуць на Захадзе, а ў Беларусі ў найлепшым выпадку давядзецца пакінуць жывёлінку ў сяброў ці суседзяў, а ў найгоршым — нікуды не ехаць.

Нічога не зробіш, кажуць у сталічным дзяржпрадпрыемстве “Фауна горада”. Першы гатэль для хатніх жывёлаў пабудуюць толькі праз 2 гады, распавёў Еўрарадыё дырэктар прадпрыемства Юрый Ліпніцкі. Гатэль разлічаны на 72 месцы. Для сабак у ім прадугледзелі вальеры, у якіх можна будзе пагуляць. А вось каты будуць сядзець у зачыненых клетках, хіба што гаспадары замовяць адзін з шасці нумароў-люкс. 

Юрый Ліпніцкі: “Ну вальеры для жывёлаў — гэта такія нібы краты, для кожнай сабакі асобна. Ну вось, напрыклад у адным пакоі будзе па 6-7 сабакаў. А люкс будзе для 1 сабакі. На сённяшні дзень мы ў пітомніку выгульваем сабакаў, а каты ў нас проста сядзяць, іх жа ніхто не выгульвае”. 

Ніякіх дадатковых забаваў для жывёлаў  “Фауне горада” пакуль не прыдумалі. Таму і невядома, чым акрамя вольнай прасторы нумар-люкс будзе адрознівацца ад звычайнай клеткі. Што ж тычыцца харчавання, то прыдумалі 2 варыянты — „all inclusive” і “зсабойка”, кажа Юры Ліпніцкі.

Юры Ліпніцкі: “Тут 2 варыянты — адзін, што мы цалкам утрымліваем жывёліну, а другі – што гаспадар прывозіць свае кармы, а мы яго кармамі харчуем жывёлу так, як ён хоча”. 

Сёння адзін дзень сабакі ў гадавальніку каштуе “Фауне горада” 8 тысяч 200 рублёў. Аднак калі збудуюць гатэль, цана для гасцей будзе разы ў 2-3 больш, распавёў Еўрарадыё Юрый Ліпніцкі. 

Прыкладна за тыя ж грошы можна прыстроіць хатнюю жывёлу і ў польскі гатэль. Суткі ў клетцы эканом-класа будуць каштаваць ад 6,5 да 10 долараў, у залежнасці ад памеру жывёліны. Але нават у танным гатэлі Еўрарадыё паабяцалі развесяліць чатырохногага сябра.

Супрацоўнік гатэля для жывёлаў “Ёка”: “Калі вы прывязеце нам ката, то мы можам запэўніць яму таварыства. Я магу нават сваіх з дому спецыяльна прывезці”. 

Клеткі эканом-класа

Пакой-люкс для ката ў Варшаве можна знайсці за амаль 10 долараў у суткі, а вальер з будкай і месцам на забавы для сярэдняга ці вялікага сабакі — за 17 долараў. Тут гадаванцаў пагладзяць, возьмуць на калені, пагуляюць з імі і кожныя 2 гадзіны правераць чысціню, распавёў Еўрарадыё супрацоўнік “Гатэля для катоў”.

Супрацоўнік “Гатэля для катоў”: “Да кожнага ў нас індывідуальны падыход, калі мы гаворым пра ежу, догляд і прыборку. У нас павінна быць чыста, па іншаму ніяк. Трэба проста пакінуць картку і напісаць, што есць жывёла, што больш любіць — сырое мяса ці гатовы корм. Калі ён гэта есць дома, то і ў нас павінен”. 

Пакой-люкс



Гатэль для сабак

Адзінае, з чым згаджаюцца ва ўсіх гатэлях — лепш за дом няма месца, у тым ліку і для жывёлаў. Таму нават калі камусьці аддаеце гадаванца, трэба абавязкова пакінуць яму нейкую рэч з хатнім пахам.

Фота: hoteldlakotow.pl, pies-hotel.pl, doginn.pl, pensjonatyoko.com.p

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі