Новае радовішча нафты? Гэта ніжэй за сярэднія паказчыкі
Новыя залежы нафты адкрытыя ў Гомельскай вобласці! Афіцыйны сайт кампаніі “Беларуснафта” паведамляе, што колькасць пароды можа дасягаць 700 тысяч тон, прамысловы прыток нафты за суткі можа быць роўны 25 тонам. Цікава, што менавіта з гэтага радовішча паўстагоддзя таму і пачалася здабыча нафты. Дабрацца да іх раней не дазвалялі тэхналогіі.
Намеснік акадэміка-сакратара Уладзімір Левашкевіч кажа Еўрарадыё, што беларуская нафта нічым не адрозніваецца ад той, што здабываюць па ўсім свеце.
“Але ўмовы залягання беларускай нафты бываюць такія, што яна можа быць вязкай і трохі адрознівацца хімічным складам. Складзе парафінаў, асфальтэнаў абумоўлівае яе вязкасць і складанасць здабычы. Вось лёгкая нафта знаходзіцца на больш глыбокіх гарызонтах, там вышэйшая тэмпература, а значыць, нафта будзе больш лёгкай”.
Адно што “адкрытае” радовішча нафты не такое і вялікае: па папярэдніх ацэнках, “ніжэй за сярэднія паказчыкі”.
“Каэфіцыент нафтааддачы ў найлепшым выпадку будзе 0,3. Гэта столькі нафты можна здабыць з гэтага радовішча. Памнажайце і атрымаеце, колькі можна здабыць з гэтай свідравіны”.
Пры гэтым вучоны заўважае, што здабываць нафту ў Беларусі варта нават пры такім раскладзе, калі там 3 тысячы тон: грошы на пошук нафты ж ужо ўкладзеныя! А тут цэлыя 700 тысяч тон!
Радовішча нафты пад Рэчыцай называюць перспектыўным і плануюць прабурыць яшчэ сем свідравінаў. Пры ўмове, што свідравіна працуе з перапынкамі, патрэбныя прафілактыка, рамонт, чыстка, няхай можна дастаць каля 7500 тон нафты за год. Няцяжка падлічыць, колькі хопіць нафты пры такім раскладзе, улічваючы, што здабыць удасца не ўсю. 53 гады!
У “Белнафтахіме” Еўрарадыё запэўніваюць, што калі было б нявыгадна пампаваць нафту, ніхто гэтым не займаўся б. Але павялічваць аб’ёмы здабычы тут не плануюць.
“Некалькі гадоў запар мы здабываем 1,6 мільёна тон нафты за год. Гэта той паказчык, які не наносіць шкоды асяроддзю. Нафта ўся ідзе ў трубаправод “Дружба”, і далейшы яе лёс нам невядомы”, — кажуць у “Беларуснафце”.
Але калі Беларусь здабывае 1,6 мільёна тон нафты за год, а закупляе ў Расіі 22,5 мільёны, атрымліваецца, краіна сама сябе забяспечвае нафтай на 7%.