Новы год можна сустрэць ля цэнтральнай ёлкі на ровары

Новы год – традыцыйнае свята. Аднак не ўсе аддаюць перавагу святкаванню ў сямейным коле. Еўрарадыё вырашыла даведацца, як зрабіць Новы год незвычайным святам. Дзеля гэтага мы звярнуліся ў івэнт-агенцтвы, якія займаюцца арганізацыяй імпрэзаў. Івэнт-мэнэджэр майстэрскай групы “На мяжы” Ірына мяркуе, што Новы год пройдзе на выдатна, калі папярэдне да яго добра падрыхтавацца:

“Самы класны варыянт, канечне, гэта маскарад сваімі рукамі. Гэта значыць, каб свята было прыкольным і прайшло максімальна добра, трэба да яго добра падрыхтавацца. Калі людзі самі выберуць сабе маскі ці зробяць іх уласнаручна… Вось тое, што яны ўжо ўкладуць у працэс вырабу, шмат у чым і паўплывае на атмасферу свята. Значыць, людзі прыйдуць і будуць чакаць чагосьці класнага. Няхай прыдумаюць нейкія конкурсы ці выберуць, напрыклад, найлепшы маскарадны касцюм, найлепшую маску”.

Калі ж вам лянота рыхтавацца да свята самому, можаце проста патэлефанаваць спецыялістам, і яны самі прапануюць вам ідэі незвычайнага святкавання:

Ірына: “Сёлета прапаноўваем менавіта незвычайныя вечарыны. Іх незвычайнасць у тым, што ўся праграма падабраная ў пэўным стылі, да прыкладу, Гаваі. Гэта значыць, што там будзе гавайская музыка, гавайскія танцоры, гавайскія песні, конкурсы ў стылі Гаваяў. Аніматары будуць хадзіць у стылізаваным адзенні”.

Практычны псіхолаг Кацярына Карыўская, якая таксама займаецца арганізацыяй святаў, падзялілася з Еўрарадыё ўласным досведам святкавання Новага года:

“Мы святкавалі 2000 год на плошчы на роварах. То бок, сабраліся на роварах і 12 гадзінаў сустрэлі на Кастрычніцкай, а потым ездзілі ўсюды, дзе былі ёлкі. У 2000 годзе там было чалавек 20-30. У 2001-м народу было нашмат больш. А цяпер гэта ўжо стала гарадской традыцыяй. Ну вось, можна сказаць, мы там былі аднымі з першых”.

Аднак самую арыгінальную параду, як незвычайна адзначыць Новы год, нам далі ў агенцтве “Андрасмедыя”:

“Не піць”.

У кожным разе, тое, як вы адсвяткуеце Новы год, можа быць цалкам у вашых руках.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі