Новы нумар часопіса Charlie Hebdo выйшаў з карыкатурай на прарока Мухамеда
Выданне з'явілася ў продажы ў Францыі 14 студзеня. Наклад — 3 млн асобнікаў. У Парыжы нумар раскупілі ўжо раніцай.
У сераду, 14 студзеня, выйшаў новы нумар сатырычнага часопіса Charlie Hebdo, першы пасля тэракту ў рэдакцыі (тады загінулі 12 чалавек, у тым ліку 8 супрацоўнікаў часопіса). На яго вокладцы — карыкатура на прарока Мухамеда. Ён плача і трымае ў руках шыльдачку з надпісам "Я — Шарлі". Зверху малюнка напісана "Усё даравана", інфармуе ВВС.
Супрацоўнікі Charlie Hebdo кажуць, што не баяцца з-за з'яўлення на вокладцы новага нумару карыкатуры на прарока Мухамеда. Дарэчы, у ім апублікаваныя працы ўсіх загінулых журналістаў і карыкатурыстаў.
Часопіс выйшаў вялізным накладам — 3 мільёны асобнікаў — на шасці мовах. Раней яго звычайны наклад складаў каля 60 тысяч. Раніцай у Парыжы нумар быў вельмі хутка прададзены.
Фота: АР