Нягледзячы на забарону, жлобінцы кормяць расіян "бракаванай" каўбасой

Расійскія санслужбы прызналі жлобінскую каўбасу непрыдатнай да ўжывання і забаранілі ўвозіць яе на сваю тэрыторыю. Але Жлобінскі мясакамбінат па-ранейшаму накіроўвае машыны са сваёй прадукцыяй расійскім пакупнікам. І беларускім таксама, якім яе ніхто есці і не забараняў. Днямі Сельгаснагляд Расіі агучыў спіс замежных прадпрыемстваў, прадукцыю якіх забараняецца з 7 лістапада ўвозіць на тэрыторыю гэтай краіны. Сярод іншых у гэты спіс патрапіў і Жлобінскі мясакамбінат. Расійскія санслужбы знайшлі ў яго вырабах недазволены "дадатак" - антыбіётык хлорафенікол.

Еўрарадыё паспрабавала высветліць, ці не стала нагодай для забароны простае несупадзенне нормаў дапушчальнага ўзроўню ўтрымання гэтага прэпарата ў, напрыклад, каўбасе.

Як патлумачыў Еўрарадыё супрацоўнік галоўнага ўпраўлення ветэрынарыі з дзяржаўнай ветэрынарнай інспекцыі Мінсельгаспрада Беларусі, гэты антыбіётык увогуле не павінен прысутнічаць у мясных вырабах.

Мінсельгаспрад: "Увогуле ні ў якой колькасці не павінен ён прысутнічаць у прадукцыі. Па дадзеным факце вядзецца расследаванне".

Тое ж самае пацвердзілі і ў санлабараторыі мінскага Камароўскага рынка.

Камароўка: "Паводле санправілаў антыбіётыкі не павінны прысутнічаць у мясе. Нават па нашых, беларускіх, медсанэкспертызах, якія былі прынятыя ў красавіку 2008 года. Калі жывёліне ўводзяць антыбіётык, то павінна быць пэўная вытрымка ў часе перад забоем, за які прэпарат цалкам выводзіцца з арганізма".

Жывёлы, як і людзі, час ад часу хварэюць. І ў такіх выпадках без медпрэпаратаў абыйсціся немагчыма. Але, як паведаміла Еўрарадыё намеснік галоўнага доктара Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Мінска Наталля Жукава, з гэтай нагоды яны маюць вялікія прэтэнзіі да Мінсельгаспрада. Па яе словах, міністэрства не жадае паведамляць ім, якія медыкаменты яны выкарыстоўваюць.

Наталля Жукава: "Усімі прэпаратамі, якія выкарыстоўваюцца ў ветэрынарыі, займаюцца менавіта яны. І яны нам не прадстаўляюць інфармацыю аб прэпаратах, якія прымяняюць у сваёй тэхналогіі жывёлагадоўлі".

Як у вырабы Жлобінскага мясакамбіната магло патрапіць мяса з недапушчальнымі "дадаткамі", Еўрарадыё паспрабавала высветліць у саміх вытворцаў мясных прысмакаў. Але галоўны інжынер мясакамбіната Анатоль Ляўкевіч нічога ўцямнага на гэты конт адказаць не змог.

Анатоль Ляўкевіч: "Ведаеце, сёння і планёрка ў дырэктара была, але ніякай інфармацыі на гэты конт не было. Зараз у нас працуюць дактары з Мінску і сёння яны павінны выдаць сваё заключэнне"….

Па словах галоўнага інжынера, ва ўсім вінаватыя пастаўшчыкі - жывёлагадоўчыя фермы, якія прывезлі на камбінат "сапсаваную" жывёлу. Тады не зразумела, куды глядзелі іх супрацоўнікі санлабараторыі. Калі ўвогуле глядзелі.

Тым часам аддзел збыту гатовай прадукцыі ні на хвіліну не спыняе сваю працу і ў тэрмін выконвае кантракты на пастаўку сваёй прадукцыі ў … Расію.

Аддзел збыту: "У нас ніякіх праблем. Гэта ўсё лухта самая натуральная. Можа, адзін раз толькі было. Будуць разбірацца".

З тым, што разбірацца трэба, пагадзіўся і начальнік аддзела дзяржаўнага нагляду і кантролю Камітэта па стандартызацыі Беларусі Віктар Нарыгін.

Віктар Нарыгін: "Трэба разбірацца - гэта выпадковасць альбо не. І ці адпавядаюць гэтаму нарматыўныя дакументы. Гэтая інфармацыя толькі прагучала і нам неабходна высветліць усю сітуацыю".

Апроч усяго, нядрэнна было б высветліць і тое, ці толькі ў Расію жлобінскі мясакамбінат пастаўляў свае кілбасы з дадаткамі антыбіётыка? Ці яны былі ў тых бутэрбродах, якія сёння раніцай елі беларусы? І будуць есці заўтра, бо пра забарону продажу жлобінскай кілбасы ў беларускіх крамах нічога не чуваць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі