Някляеў будзе збіраць подпісы ў электрычках, спяваючы пад гармонік

А ў Рымашэўскага заспяваюць яго давераныя асобы. Еўрарадыё даведалася, якім крэатывам здзівяць электарат прэтэндэнты ў прэзідэнты (+фота з першага дня збору подпісаў). Апошні дзень верасня даў старт кампаніі па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатамі прэтэндэнтаў у прэзідэнты. І з самай раніцы карэспандэнт Еўрарадыё натрапіў ў падземным пераходзе каля Камароўскага рынка на эканаміста Яраслава Раманчука. Разам са сваімі актывістамі намеснік старшыні АГП агітаваў людзей паставіць за яго свой подпіс.



Еўрарадыё пацікавілася, якім крэатывам, акрамя пікетаў і вандровак “ад дзвярэй да дзвярэй”, палітык плануе здзівіць выбаршчыкаў. Але той прызнаўся, што ні арганізоўваць канцэртаў, ні ставіць побач са сталамі зборшчыкаў подпісаў палявую кухню не будзе.

Яраслаў Раманчук:
“Калі будзе кампанія, тады хадоў будзе шмат. Але сёння мы абмежаваныя тым заканадаўствам, якое ёсць. І мы не можам на этапе збору подпісаў агітаваць. А ваенна-палявая кухня — гэта ўжо подкуп выбаршчыкаў. Як і канцэрт. Мы будзем асцярожныя, мы і так збярэм гэтыя подпісы”.





А вось лідар кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў прыдумаў піяр-ход, які прыцягне ўвагу выбаршчыкаў да яго асобы.

Уладзімір Някляеў: “У электрычках збіраюся з гармонікам хадзіць — з тым, які ў дзяцінстве ў мяне зваліўся з віядука — і спяваць: “Людзі добрыя! Выбярэм сабе новага прэзідэнта! А дзеля гэтага падпішымся вось пад гэтым лістом!” Гэта пакладзена на музыку”.



Музыка, кажа, народная, а словы напісаў выбарчы штаб. Такім чынам збіраецца аб’ехаць усю краіну. Прынамсі, дзе ходзяць электрычкі.

Аздобіць сваю кампанію музыкай хоча і намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Але пакуль, паводле яго словаў, справу тармозіць адсутнасць сродкаў.

Рыгор Кастусёў:
“Ёсць задумкі пра канцэрты. Але адна праблема — матэрыяльная. І зараз яна вырашаецца. Як толькі гэта вырашым, так адразу нешта будзе. Прынамсі, у штаба ёсць такія планы”.



Згодна з яго словамі, яшчэ месяц таму да іх пачалі звяртацца музыкі з прапановамі падтрымаць Кастусёва на выбарах сваёй творчасцю. Праўда, хто дакладна — палітык не ўдакладніў.

Ідэя выкарыстаць у сваёй кампаніі канцэрты спадабалася і Віталю Рымашэўскаму. Ён нават знайшоў новы падыход — каб перад людзьмі спявалі сябры яго выбарчага штаба.

Віталь Рымашэўскі: “У мяне асабіста будзе вельмі шчыльны графік. Сумняваюся, каб я мог даваць паралельна сольныя канцэрты. Але вы мне падказалі добрую ідэю! Прапаную кіраўніку майго штаба і давераным асобам даваць такія канцэрты!”

А вось лідар ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч катэгарычна адмовіўся казаць пра сваю выбарчую кампанію. І адправіў карэспандэнта Еўрарадыё задаваць такія пытанні Саннікаву і Някляеву — ці то дапамагаючы такім чынам ім рабіць сваю кампанію, ці то загадзя прызнаючы іх перавагу ў пошуках крэатыўных хадоў.

Сяргей Гайдукевіч: “Патэлефануй Саннікаву, Някляеву — там хлопцы такія, яны ўсё падрыхтавалі ўжо! Там табе будзе так цікава! А са мной — не”.



Дарэчы, палітаглядальнік “Народнай волі” Андрэй Саннікаў таксама сёння мужна мокнуў пад дажджом разам з сябрамі сваёй групы ля плошчы Якуба Коласа. Збіраў подпісы за сябе. І прызнаўся, што ніякага крэатыву на гэтым этапе кампаніі ў яго не будзе.



Андрэй Саннікаў:
“Мы пакуль што не плануем такіх, як вы кажыце, цікавых акцый. Я бачу, што людзі не на акцыі адгукаюцца, а на тое, што магчыма змяніць уладу ў Беларусі. А акцыі, можа, лепей будзе рабіць пасля рэгістрацыі. Калі трэба будзе з большай колькасцю людзей размаўляць і прапаноўваць альтэрнатыву”.

І прызнаўся, што надта задаволены тым, як у першы дзень ідзе збор подпісаў.



Ні цяпер, ні ў будучыні дадаваць сваёй кампаніі нейкі крэатыў Мікола Статкевіч не збіраецца.

Мікола Статкевіч: “Мы будзем карыстацца традыцыйнымі сродкамі — тут не да крэатыву. Можна для публікі, каб мільгануць у інтэрнэце, рабіць нейкія піяраўскія захады. Самае эфектыўнае — гэта па кватэрах. А на пікеты мы пяройдзем у канцы збору подпісаў”.



Алесь Міхалевіч таксама аддае перавагу паходам “ад дзвярэй да дзвярэй”. Але, кажа, будуць і нейкія цікавосткі. Праўда, не прызнаўся якія.

Алесь Міхалевіч: “Я ў сваёй кампаніі раблю стаўку на збор подпісаў “ад дзвярэй да дзвярэй”. Але магчыма, што ў бліжэйшыя дні будуць некалькі цікавых ідэяў па зборы подпісаў у масавых месцах. Калі атрымаецца рэалізаваць. Некалькі ідэяў харошых ёсць”.



А вось супрацоўнік пладова-гародніннага камбіната з Віцебска Сяргей Рыжоў увогуле не дапускае крэатыву ў выбарчай кампаніі.

Сяргей Рыжоў: “Пікетаў на вуліцы мы выстаўляць не будзем, канцэрты з мядзведзямі, барабанамі і балалайкамі мы ладзіць не будзем. Нейкія масавыя рухі нейкіх набраных груп у падтрымку кандыдата мы ладзіць не будзем. Выбары — гэта складаны працэс, гэта — дзяржаўны працэс. І рабіць з яго, як гэта ў нас стараюцца зрабіць, клаўнаду альбо разыгрываць спектакль мы намеру не маем”.



І сур’ёзна заўважыў, што выбары актывуюць працэсы грамадскай свядомасці сярод людзей і павінны выглядаць прыстойна.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі