Някляеў: Мы не чакалі ад канадцаў такой гатоўнасці супрацоўнічаць

Гэтымі днямі лідэр кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў і лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і яго намеснік Яраслаў Раманчук удзельнічаюць у шэрагу сустрэч з кіраўніцтвам Канады. Пра гэта Еўрарадыё Ўладзімір Някляеў расказаў па тэлефоне з Паўночнай Амерыкі. Някляеў: “Учора мы сустракаліся з прэм’ер-міністрам Канады, сустракаліся з вядучымі міністрамі - эканомікі, сацыяльнага развіцця і гэтак далей. З парламентарыямі і старшынямі вядучых міжнародных камітэтаў”.

Паэт прызнаўся, што беларусы былі не зусім гатовыя да таго, з якім імпэтам канадцы адгукнуліся на прапанову супрацоўнічаць.

Някляеў: “Мяне найперш цікавіла, якую падтрымку можа аказаць Канада нашай грамадзянскай супольнасці — у стварэнні гэтай грамадзянскай супольнасці. І - вельмі пазітыўны, актыўны рух насустрач. Яны проста кажуць: “Давайце зробім канкрэтную праграму. Чым мы можам дапамагчы?” І яны гатовыя супрацоўнічаць на ўсіх кірунках. Іншае што — мы не былі гатовыя да такой адкрытай сустрэчы і такіх адкрытых прапаноў. Але нават за гэтыя тры дні ўжо нейкія напрацоўкі зробленыя”.

З чым канкрэтна прыедуць беларусы з Канады, Някляеў не сказаў. Але адзначыў, што праз непрацяглы час вынікі іх паездкі ў Канаду і сустрэч на вышэйшым узроўні будуць заўважныя і ў Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі