Нямецкае МЗС вызваліла палітолага Валера Карбалевіча з аэрапарта Франкфурта
Яму паставілі аднаразовую нямецкую візу, цяпер Карбалевіч у Страсбургу.
Пасля сутак, праведзеных у аэрапорце Франкфурта, Валер Карбалевіч здолеў трапіць у Страсбург. Там ён разам з групай беларускіх журналістаў бярэ ўдзел у сустрэчы з супрацоўнікамі Рады Еўропы, паведамляе Радыё Свабода.
Новую візу Валеру Карбалевічу выдалі дзякуючы ўмяшальніцтву прадстаўнікоў Рады Еўропы і пасольства Германіі ў Беларусі.
“Нямецкая паліцыя ў аэрапорце Франкфурта выдала мне візу — да 8 лістапада. Квіток з Франкфурта да Страсбурга я купіў за свае грошы, каштаваў ён каля 60 еўра. У выніку нямецкая паліцыя дапамагла і разабрацца, дзе квіток купіць, і як сесці ў самалёт”, — гаворыць Валер Карбалевіч.
2 лістапада Валера Карбалевіча паліцыя затрымала ў аэрапорце Франкфурта за тое, што ён перасякаў мяжу са славацкай шэнгенскай візай. Яму забаранілі ўезд у Германію і прапанавалі вярнуцца ў Беларусь.
Фота — Радыё Свабода