Oasis прапануюць выкапаць сваю душу

Новы альбом брытанскага гурта Oasis пад назвай Dig Out Your Soul выйдзе 6 кастрычніка ў Еўропе і 7 кастрычніка - у ЗША. Папярэднічаць яму будзе сінгл The Shock Of The Lightning, які з'явіцца ў эфіры 29 верасня. Запіс сёмага студыйнага альбома Oasis адбываўся на бітлоўскай студыі Abbey Road у Лондане, а працэс міксавання праходзіў у Лос-Анжэлесе.

Прадзюсаваў кружэлку Дэйв Сардзі, які супрацоўнічаў раней з Dandy Warhols, Nine Inch Nails і Primal Scream.

Па словах франтмэна гурта Ноэля Галахера, альбом Dig Out Your Soul атрымаўся больш цвёрдым і дынамічным, чым папярэднія дыскі калектыву. Маўляў, яму хацелася "каб у песнях адчуваўся грув, бо традыцыйныя схемы куплет, брыдж, прыпеў ужо надакучылі. Гурт спрабаваў зрабіць так, каб песні пампавалі і, падаецца, гэта атрымалася".

Перад выхадам новага альбома Oasis маюць намер правесці серыю канцэртаў у ЗША і Еўропе.

Амерыканская частка тура пачнецца 26 жніўня і працягнецца да 7 верасня, пасля чаго музыкі рушаць на спатканне з еўрапейскімі прыхільнікамі.

Нагадаем, што дэбютны альбом Oasis 1994 года Definitely Maybe названы лепшым брытанскім дыскам усіх часоў па версіі чытачоў музычнага часопіса Q.

Фота: www.myspace.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі