Па дарозе з завода ў краму гарэлка даражэе ў два разы

“Ажыўленне ёсць. У асноўным бяруць самую танную гарэлку і ў вялікай колькасці. І калі звычайна чалавек бярэ адну бутэлечку ці дзве, дык зараз — палову скрыні, скрыню і гэтак далей, — распавядаюць Еўрарадыё ў адной з фірмовых крамаў завода, што вырабляе гарэлку. — У нашай мінскай краме пры заводзе, напрыклад, звычайная дзённая выручка — 60-70 мільёнаў. А ўчора была — 300 мільёнаў”.

Падагрэтыя навінамі пра падаражэнне гарэлкі, людзі кінуліся ў крамы. Але ці сапраўды гарэлка даражэе? Растлумачыць сэнс пастановы Мінэканомікі №50, на якой грунтуюцца чуткі пра падаражэнне агнявой вады, Еўрарадыё папрасіла галоўнага інжынера лікёра-гарэлачнага завода:

“Зацверджаныя тры сумы: мінімальны адпускны кошт, мінімальны рознічны кошт і мінімальны рознічны кошт на імпартны алкаголь. Да спажыўца гэта ніякага дачынення не мае, — тлумачыць спецыяліст. — Вось 27 тысяч — кошт, ніжэй за які мы не можам прадаць, скажам так, на опт. Але гэта практычна наш сабекошт. Ніжэй за яго мы не прадавалі і не будзем прадаваць. Так што ніхто пакуль нічога не падымае, гэта нехта бучу пусціў незразумелую”.

На іншым лікёра-гарэлачным заводзе Еўрарадыё распавядаюць, што Пастанова №50 зрабіла ўмовы, у якіх працуюць беларускія вытворцы гарэлкі, больш справядлівымі. Заводы, вытворчасць гарэлкі на якіх каштуе танней, пазбаўляюцца магчымасці дэмпінгаваць:

“Вось у нас цяпер на заводзе кошт 30 тысяч 600 па прэйскуранце [адпускны кошт для крам. — Заўв. Еўрарадыё]. І, напрыклад, мы не маглі апошнім часам рабіць зніжкі па 15%, у нас гэта было б стратна. А іншыя прадпрыемствы, у якіх была магчымасць, адпускалі гарэлку па 25 тысяч 500. І нашы паважаныя сеткі [рознічнага гандлю. — Еўрарадыё] бралі прадукцыю там, дзе танней. А цяпер лікёра-гарэлачныя заводы будуць ісці на больш роўных умовах”.

Спецыялісты сцвярджаюць, што па дарозе з завода ў краму гарэлка “набірае” да паловы свайго кошту. 20% — падатак на даданую вартасць і 30-40% нацэнкі — вось такое коштаўтварэнне.

Што да падаражэння — дык самая танная гарэлка сапраўды крыху ўзнімецца ў кошце.

“Калі вы ў крамы ходзіце, дык вы бачыце, што ў сетках стаіць гарэлка па 36 тысяч 800, па 37 тысяч 800. Вы ж бачыце гэта? — працягваюць на заводзе. — Але паводле Пастановы №50 мінімальны рознічны кошт гарэлкі не павінен быць менш за 38 тысяч”.

У фірмовай краме яшчэ аднаго лікёра-гарэлачнага завода Еўрарадыё распавядаюць, што да ўчарашняга дня на прылаўках сапраўды стаяў адзін гатунак гарэлкі, танней за 38 тысяч рублёў:

“Так, была гарэлка, якая каштавала 35 тысяч. Але з сённяшняга дня яна каштуе 38 тысяч”.

У Расіі мінімальныя кошты на гарэлку істотна ніжэйшыя за беларускія. Зараз на расійскіх заводах мінімальны “адпускны” кошт гарэлкі — 70 рублёў (19 тысяч беларускіх). Мінімальны кошт “паўлітра” у крамах — 89 рублёў (24 тысячы беларускіх).

Але з 1 студзеня 2014 года гарэлка падаражэе і там — да 77,7 рублёў (21 тысяча беларускіх) і 98 рублёў (26 тысяч 500 беларускіх) адпаведна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі