Па правілах “Еўрабачання” ў беларускім адборы перамог бы Макс Лорэнс
Калі ў фінале конкурсу дзве песні набіраюць роўны бал па суме галасоў журы і тэлегледачоў, перавага аддаецца выбару людзей. У Беларусі — наадварот!
Еўрарадыё заўважыла адрозненне ў правілах беларускага адбору на “Еўрабачанне” і фіналу конкурсу. Галасаванне вельмі падобнае, але ёсць важны нюанс. Які, фактычна, і прадвызначыў імя беларускага пераможцы.
Падчас фіналу “Еўрабачання” ў кожнай краіне адбываецца такое ж галасаванне, як і ў нас. Але калі дзве песні атрымліваюць роўны бал па суме галасоў журы і тэлегледачоў, вышэй ставіцца песня, за якую прагаласавалі… людзі! “Калі ёсць роўнасць паміж дзвюма ці больш песнямі пасля падсумавання галасоў тэлегледачоў і журы, песня, якая атрымала лепшы рэйтынг ад гледачоў, будзе пераважаць над іншай”, — сказана на сайце “Еўрабачання”. А ў Беларусі ўсё наадварот.
Чаму наш рэгламент не адпавядае еўрапейскаму? Гэтае пытанне Еўрарадыё задае кіраўніку праекта па адборы песні на “Еўрабачанне” Вользе Шлягер.
Вольга Шлягер: Калі вы эксперт у галіне “Еўрабачання”, вы мусіце ведаць, што “Еўрапейскі вяшчальны саюз” не абмяжоўвае ніводную краіну ў тым, як праводзіць свой нацыянальны адбор. Больш за тое: прадстаўнікі ЕВС глядзелі наш нацыянальны адбор і ўжо далі свае каментары, якія мы агучвалі ў навінах.
Еўрарадыё: А калі мы маглі пісаць рэгламент як заўгодна, чаму апошняе слова ў нас за журы, а не за гледачамі, як у фінале "Еўрабачання"?
Вольга Шлягер: Вы што, здзекуецеся з мяне, малады чалавек? Вы рэгламент чыталі? Ён напісаны не ўчора, ён другі год ужо такі.
Еўрарадыё: Дык мне і цікава, чаму мы вырашылі, што ў нас журы галоўнае?
Вольга Шлягер (уздыхае): Я змарную свой час і скажу вам яшчэ раз: кожная краіна можа вырашаць самастойна. Для гэтага ствараюцца аргкамітэты, загадзя вывешваюцца палажэнні і г.д.
Логіка тут прыкладна такая: мы ў сваім палажэнні маглі напісаць, што ў выпадку роўнасці галасоў пераможцу вызначае журы — і напісалі. Правілы не парушаныя, адвяжыцеся. Тым часам, сайт “Еўрабачання” сапраўды называе Тэа афіцыйна абраным удзельнікам конкурсу ад Беларусі.
Нагадаем, 10 студзеня падчас нашага адбору паралельна галасавалі тэлегледачы і журы. У тэлефонным галасаванні Тэа апынуўся толькі на трэцім месцы, а перамог з вялікім адрывам дуэт Макса Лорэнса і ДзіДзюЛі. Але журы назвала Тэа сваім фаварытам. Па суме ў іх апынулася пароўну галасоў. Рэгламент беларускага адбору ў такім выпадку прызнае апошняе слова за журы. І пераможцам быў прызнаны Тэа!
Макс Лорэнс і ДзіДзюЛя не хочуць пагаджацца з такім станам справаў. “Сябры журы адкрыта пагрэбавалі меркаваннем народа, які палічыў менавіта наш дуэт вартым прадстаўляць Беларусь на еўрапейскім конкурсе ў Даніі. Меркаванне тысяч людзей, што галасавалі, проста не было ўлічана — 8 чалавек прынялі рашэнне за ўсю краіну”, — скардзяцца на лёс музыкі ў адкрытым лісце да Аляксандра Лукашэнкі.