Па справе аб выбухах у Бостане затрыманыя двое студэнтаў з Казахстана (абноўлена)
Ім ужо выстаўленыя абвінавачанні ў змове з мэтай перашкоджання правасуддзю. Аднак з падрыхтоўкай тэракту яны не былі звязаныя. Хлопцам пагражае да пяці гадоў зняволення і штраф — 250 тысяч долараў.
Затрыманне гэтых людзей праводзіла ФБР. Грамадзяне Казахстана абвінавачваюцца ў тым, што выкінулі на сметнік заплечнік і электронныя прыстасаванні з пакоя cвайго знаёмага Джахара Царнаева, пасля таго як даведаліся, што яго падазраюць у здзяйсненні тэракту (спецслужбы яго пазней знайшлі).
Паводле інфармацыі амерыканскіх СМІ, студэнты з Казахстана — гэта Дзіяс Кадырбаеў і Азамат Тажаякаў, якія ў сераду па відэасувязі паўсталі перад судом па міграцыйнай справе, знаходзячыся пры гэтым у турме.
Таксама па справе аб выбухах у Бостане затрыманы грамадзянін ЗША Робел Філіпас. Яму выставілі абвінавачванні ў дачы ілжывых паказанняў следчым. Яму пагражае да васьмі гадоў турмы і штраф — 250 тысяч долараў.
Нагадаем, два выбухі з інтэрвалам у 12 секундаў прагучалі ў амерыканскім горадзе падчас правядзення міжнароднага марафона. У выніку загінулі 3 чалавекі, было паранена больш за 200. Спецслужбам удалося выйсці на меркаваных арганізатараў і выканаўцаў тэракту. Тамерлан Царнаеў падчас затрымання быў паранены і памёр, яго брат Джахар таксама атрымаў раненні, але выжыў.
Тэракт у Бостане: беларуская бягуха паспела фінішаваць да выбухаў
Фота — Reuters, AP