Па суботах ля мінскай ратушы пройдзе серыя канцэртаў “На біс”
Да канца лета на пляцоўцы на плошчы Свабоды выступяць “Харошкі”, аркестр “Няміга”, ансамбль “Мінск-Класік” і іншыя.
На плошчы Свабоды ў Мінску, якая стала адным з самых тусовачных месцаў сталіцы гэтым летам, працягнуцца музычныя вечары па суботах. Цыкл канцэртаў атрымаў назву “На біс”. Пра гэта на прэс-канферэнцыі заявіў намеснік начальніка ўпраўлення культуры Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама Сяргей Мядзведзеў, паведамляюць “Мінск-Навіны”.
Так, 8 жніўня на адкрытай пляцоўцы Верхняга Горада выступяць ансамбль “Мінск-класік” і квінтэт духавых інструментаў Woodwind friends пад кіраўніцтвам Максіма Расохі. Яны выканаюць класічную музыку.
15 жніўня сваю праграму прадставіць Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. 22 жніўня чакаецца сольны канцэрт Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”. Цыкл жнівеньскіх канцэртаў “На біс” завершыцца 29 жніўня выступам канцэртнага аркестра "Няміга": музыкі выканаюць класічную і сучасную музыку.
Пачатак усіх музычных вечароў на плошчы Свабоды а 20-й. Уваход вольны.
Нагадаем, у чэрвені і ліпені ля мінскай ратушы прайшоў шэраг канцэртаў джазавай і класічнай музыкі. Івенты карысталіся вялікай папулярнасцю ў мінчукоў і збіралі кожны раз па некалькі тысяч гледачоў.
Фота: minsknews.by