Пачалася падпіска на кнігу рукапісаў Рыгора Барадуліна (фота)
У зборнік увойдуць выбраныя вершы паэта ад 1952 па 2013 год.
Ідэя выдання кнігі належыць блогеру Глебу Лабадзенку, які ўжо праводзіў некалькі акцыяў у падтрымку народнага паэта. Галоўная “фішка” — у кнізе не будзе ніводнай друкаванай літары, ад пачатку да канца ўсё будзе напісана рукою Рыгора Барадуліна.
У кнізе будуць змешчаны рукапісы вершаў, а таксама сканаваныя старонкі з нататнікаў, дзе Барадулін запісваў цытаты Васіля Быкава і сваёй унучкі Дамінікі, а таксама назіранні і развагі. Кніга будзе аздобленая непублікаванымі раней фотаздымкамі.
Адметна, што падобнай кнігі яшчэ не было ані ў самога Рыгора Барадуліна (хоць паэт мае каля сотні ўласных кніг), ані ўвогуле ў найноўшай беларускай літаратуры.
Распаўсюджвацца кніга будзе па папярэдняй падпісцы ў блогу Глеба Лабадзенкі, прыбытак ад продажу кніг будзе перададзены Рыгору Барадуліну.